Шляхi беларускай дзяржаўнасцi

Шляхi беларускай дзяржаўнасцi

«Круглый стол» «Шляхi беларускай дзяржаўнасцi: выбар i вынiкi» прайшоў у Мінску.

Зусiм хутка мы адзначым адметную падзею — 100–годдзе ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi. Менавiта на яе падмурку з’явiлася i працягвае ўзмацняць свой суверэнiтэт сучасная i незалежная Беларусь. Учора Выдавецкi дом «Звязда» сумесна з прэс–цэнтрам Дома прэсы прысвяцiў гэтай падзеi «круглы стол» «Шляхi беларускай дзяржаўнасцi: выбар i вынiкi», якi аб’яднаў вядучых гiсторыкаў нашай краiны. I дазволiў паказаць рэтраспектыву падзей 100–гадовай даўнасцi. 

Зразумела, перш за ўсё гаворка iшла пра само абвяшчэнне БССР. Гэты шлях, на думку дырэктара Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Вячаслава Данiловiча, быў вельмi няпростым:

— Тое ж абвяшчэнне БНР фактычна было рэакцыяй на несправядлiвы Брэсцкi мiр. З другога боку, была частка беларускай элiты, якая плённа дзейнiчала ў iнтарэсах стварэння беларускай дзяржаўнасцi ў рамках савецкай высновы. Таму можна сказаць, што стварэнне нацыянальнай дзяржаўнасцi iшло па ўсiх напрамках.

I такiя складанасцi былi цалкам аб’ектыўнымi. Загадчык аддзела навейшай гiсторыi Беларусi Iнстытута гiсторыi НАН Сяргей Траццяк прапанаваў звярнуць увагу на геапалiтычныя абставiны, на фоне якiх адбывалася фармiраванне беларускай дзяржаўнасцi:

— Тая Беларуская Савецкая Рэспублiка, якая ў той час стваралася, на думку Масквы, павiнна была стаць буфернай зонай памiж Савецкай Расiяй i Польшчай. Таму i месца ёй было — як мага далей на Захад i як мага блiжэй на Усход. I толькi пасля другога абвяшчэння БССР у склад Беларусi ўвайшлi ўсе тыя землi, якiя лiчылi сябе беларускiмi.

Дык чым жа была БССР перш за ўсё — нацыянальным утварэннем цi савецкiм? Меркаванне Вячаслава Данiловiча наконт гэтага:

— У беларускiм нацыянальным руху вельмi шмат месца займала вырашэнне сацыяльных пытанняў. I ў гэтым Беларуская Рэспублiка была сугучная з Савецкай Расiяй. Але i без нацыянальнага характару ўтварэнне дзяржаўнасцi на гэтых землях было б немагчымым. Таму можно канстатаваць, што беларускiя нацыянальныя лозунгi ў нас арганiчна спалучалiся з савецкiмi.

Гэты тэзiс падтрымаў загадчык кафедры гiсторыi Беларусi гiстарычнага факультэта БДПУ iмя М.Танка Анатоль Вялiкi. Ён узгадаў, што ў 1920–я гады ў адносiнах да беларускiх лiдараў Аляксандра Чарвякова i Змiцера Жылуновiча нават выкарыстоўваўся тэрмiн «беларускiя нацыянал–камунiсты»:

— У перабудовачныя часы пра гэта пiсалi, потым забылi зноў.

На думку вядучага навуковага супрацоўнiка аддзела навейшай гiсторыi Беларусi Iнстытута гiсторыi НАН Валянцiна Мазца, на першым месцы пры абвяшчэннi БССР усё ж было нацыянальнае пытанне. Але трэба разумець абставiны:

— Пагроза была ў тым, што шмат нашых суседзяў заяўлялi свае правы на беларускiя землi. I таму менавiта захаванне тэрытарыяльнай цэласнасцi было галоўным пытаннем, а не выбар «з кiм iсцi». Дарэчы, нельга лiчыць тую ж Раду БНР цалкам антысавецкай: яе iнтарэсы наконт Беларусi па многiх пазiцыях супадалi з савецкiмi. Напрыклад, што тычыцца зямлi i па шэрагу iншых пытанняў.

На «круглым стале» прагучаў яшчэ адзiн важны аспект. Анатоль Вялiкi звярнуў увагу прысутных, што навуковых даследаванняў гiсторыi абвяшчэння БССР, на жаль, вельмi мала:

— Не можа быць дзяржавы без айцоў–заснавальнiкаў! А ў нас нiводнай дысертацыi пра тых, хто ствараў БССР i закладваў падмурак сучаснай дзяржаўнасцi, няма. Пра таго ж Бiсмарка напiсана больш за 200 навуковых прац — а што, нашы Чарвякоў цi Жылуновiч гэтага ня вартыя? Трэба звярнуць на гэта ўвагу. Тады мы маглi б гаварыць: вось яна, наша элiта!

(Крыніца - "СБ.Беларусь сегодня")





Апублікавана:
Праглядаў:
1 313
Галіны дзейнасці: