«Слаўная кампанія: рэANIMAцыя». Вяртанне (да) імёнаў

«Слаўная кампанія: рэANIMAцыя». Вяртанне (да) імёнаў

Так сталася, што, нягледзячы на ўсё багацце беларускай літаратуры  XIX стагоддзя, у свядомасці сучаснага чытача яна па-ранейшаму застаецца нечым ірэальным – фантомам з далёкага мінулага. Чаму так сталася – невядома. Ці то з часоў сацыялізму ў нас засталося падазронае стаўленне да шляхетнай культуры, ці то проста сузор’е класікаў з наступнай эпохі засланяе ўсе намаганні тых, чые творчыя дасягненні ляглі ў падмурак нашай новай літаратуры. За выпраўленне гэтай відавочнай несправядлівасці і ўзяліся ўдзельнікі конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», вынікі якога былі падведзены на ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе.

Напачатку сустрэчы намеснік дэкана па навуковай рабоце філалагічнага факультэта  БДУ Павел Навойчык адзначыў, што лаўрэаты конкурсу ўшанавалі сваёй творчасцю памяць тых, хто, у сваю чаргу, ушаноўваў гістарычную памяць і духоўную культуру нашага народа. Але пры гэтым канкурсанты пазбеглі залішняга пафасу і апісалі жывых людзей, а не помнікі.

Падзякі арганізатарам, журы і ўдзельнікам конкурсу выказаў дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома “Звязда” Павел Сухарукаў, які канстатаваў знакавасць “РэANIMAцыі” і выказаў спадзяванне, што гэты поспех будзе для ўсіх яго ўдзельнікаў не апошнім на гэтым шляху.

Ад імя інфармацыйнага партнёра конкурсу Нацыянальнага інстытута адукацыі выступіла начальнік Упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Гульнара Юсцінская. Вопыт “Слаўнай кампаніі” можна лічыць паказальным, таму ў далейшым НІА за радасцю прадаставіць свой партал для лепшых творчых праектаў.

Вынікам конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя» стане зборнік лепшых твораў, які выйдзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, галоўны рэдактар якога Віктар Шніп адзначыў карысць конкурсу як для развіцця сучаснай літаратуры, так і для захавання беларускай культуры. Галоўнае ж дасягненне “РэANIMAцыі”, што разам з вяртаннем забытых імёнаў нашых творцаў яна дазваляе адкрываць новыя.

Апублікавана:
Праглядаў:
840