У Беларусі ў кожнай сям’і ёсць гісторыя, звязаная з вайной

У Беларусі ў кожнай сям’і ёсць гісторыя, звязаная з вайной

Сёння, 6 мая, напярэдадні Дня Перамогі, «звяздоўцы» разам з калегамі-журналістамі, кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі аддалі даніну памяці і павагі ўсім тым, хто не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, коштам свайго жыцця набліжаў Перамогу і падараваў нам магчымасць жыць і працаваць пад мірным небам Беларусі.

«Звяздоўцы» разам з калегамі ўсклалі кветкі да падножжа 45-метровай стэлы «Мінск — горад-герой» у памяць аб усіх ахвярах той жахлівай і страшэннай вайны, якая пазбавіла жыцця кожнага трэцяга беларуса.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб гісторыі, звязанай з вайной, у сваёй сям’і, Міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў акцэнтаваў увагу на тым, што не ведае ніводнай беларускай сям’і, у якой няма гісторыі, звязанай з Вялікай Айчыннай вайной.

— І калі чуеш такія гісторыі, разумееш, што вайна і чалавек — гэта два несумяшчальныя паняцці, — падкрэсліў ён, — і тыя, хто зараз імкнецца бравіраваць, перапісаць гісторыю, расказаць, што ўсё было не так жахліва, і гэта не была агрэсія фашысцкай Германіі, а проціборства нейкіх дзвюх таталітарных сістэм, — гэта сапраўдная хлусня!

Міністр нагадаў, што паводле задумы агрэсараў з фашысцкай Германіі, нас не павінна было тут быць наогул: ні як краіны, ні як нацыі, ні як народа.

— І перагляд вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, спроба перапісвання гісторыі — гэта, верагодна, самае страшэннае, што зараз можа адбыцца, — перакананы Уладзімір Пярцоў. — У нас, дзякуй богу, за найноўшую гісторыю Беларусі такіх спроб не было.

Ён падкрэсліў, што ў нашай краіне ўсё, што датычыцца ўвекавечвання памяці (у кінадакументалістыцы, у доглядзе за помнікамі ды абеліскамі, у рабоце школ з маладым пакаленнем), выконваецца на дастаткова высокім узроўні.

— Але, бачыце, другі бок працягвае спрабаваць (і апошнім часам дастаткова агрэсіўна) па змене нашага гістарычнага коду: па прыпісванні нейкіх не адпаведных нам рыс, па гераізацыі тых людзей, якія ўжо прызнаны (у тым ліку і судом) злачынцамі, — звярнуў увагу Міністр. — І мне падаецца, што кожны раз, не толькі 9 Мая (хоць гэта адно з самых галоўных свят нашай краіны) мы — журналісты — павінны ўзгадваць і рабіць усё магчымае для таго, каб гэтая памяць захавалася і каб тыя, хто будзе супраць нас, ведалі гэтую адзіную гістарычную праўду.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
83