6 жніўня  2017 года – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання

6 жніўня  2017 года – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання

6 жніўня 2017 года – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання

3 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання “Сусветная спадчына Францыска Скарыны”, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

500 гадоў таму – 6 жніўня 1517 года – у Празе выйшла першая друкаваная беларуская кніга – Псалтыр, якая лічыцца адной з самых папулярных і распаўсюджаных у хрысціянстве кніг Бібліі. Гэтай кнігай першадрукар Францыск Скарына паклаў пачатак усяму беларускаму кнігадрукаванню, якое развівалася ў цеснай сувязі з еўрапейскім і ўсходнеславянскім. Біблія выйшла раней, чым англійскія і французскія пераклады, амаль на 50 гадоў апярэдзіла “Апостал”, выдадзены ў маскоўскай друкарні. Гэта быў навуковы, духоўны і адукацыйны прарыў.

Літаральна напярэдадні юбілейнай даты ўбачыла свет унікальная кніга “Сусветная спадчына Францыска Скарыны”, выдадзеная выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі”, сказаў адкрываючы прэзентацыю дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч. Багата ілюстраванае выданне выйшла ў серыі “Энцыклапедыя рарытэтаў” на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай. Упершыню ў адной кнізе прадстаўлены ўсе 25 кніг беларускага першадрукара. У сучасным выданні наглядна прадстаўлена спадчына Францыска Скарыны, якая сёння з'яўляецца нацыянальным здабыткам і захоўваецца ў кніжных і музейных сховішчах многіх краін свету – Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Даніі, Польшчы, Літвы, Вялікабрытаніі, Славеніі, Чэхіі, ЗША.

У ходзе падрыхтоўкі альбома складальнікі знаёміліся з фондамі Кембрыджа, Адэсы, Лондана, Масквы, Капенгагена, Кіева, Прагі.

Кнігу “Сусветная спадчына Францыска Скарыны” ужо высока ацанілі за мяжой. Яна атрымала Гран-пры Міжнароднага конкурсу краін – удзельніц СНД “Мастацтва кнігі – 2017” і Гран-пры Еўразійскай міжнароднай кніжнай выставы Eurasian Book Fair 2017.

На прэзентацыю былі запрошаны дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса замежных краін, СМІ.

 

Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч адзначыла, што 3 красавіка 2017 года ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разгледалася пытанне “Аб нарматыўна-прававым рэгуляванні выдавецкай дзейнасці, святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”. Безумоўна такая ўвага дзяржавы яскрава сведчыць пра ролю асветы, кнігі ў развіцці грамадства, вызначальную ролю кнігі як важкага складальніка ўмацавання беларускай дзяржаўнасці.

 

Беларусь, нягледзячы на імклівае развіццё камп'ютэрных тэхналогій, не губляе сваіх пазіцый у кнігавыданні. Друкаваная кніга ў краіне мае моцныя пазіцыі: “Беларусы былі першыя. Яны не маюць сёння права здаваць свае пазіцыі. Мы не можам не ганарыцца, што ўсе гэтыя гады, у тым ліку дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, наша нацыянальнае кнігавыданне развіваецца вельмі годна сярод краін СНД”.

Гаворачы аб праекце “Сусветная спадчына Францыска Скарыны”, Лілія Ананіч падкрэсліла: “Мы ганарымся, што напярэдадні 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання мы зрабілі адну з лепшых кніг, якая ўвайшла ў скарбонку нацыянальнага і, упэўнена, сусветнага кнігадрукавання”.

Старшыня Пастаяннай Камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў падкрэсліў асаблівае значэнне кнігадрукавання ў нашай краіне: “Кніга ёсць і будзе заставацца найважнейшым складнікам беларускай культуры”.

“Сусветную спадчыну” адкрылі ўсім светам. Сярод гасцей свята ў гонар “чырвонай даты” былі і дыпламаты. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт у сваім выступленні падкрэсліў, что “Францыск Скарына – гэта наш агульны герой”.

 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар адзначыў важную асветніцкую дзейнасць Францыска Скарыны. Яго рэвалюцыйны ўклад у кнігадрукаванне, на думку Пасла, складаецца не толькі ў перакладзе Бібліі, але і ў распаўсюджванні ідэй ведаў і асветы сярод простых людзей. 

За гэта мы павінны быць глыбока абавязаны вашаму вялікаму суайчынніку.

 

Опубликовано:
Просмотров:
367