«Новыя героі беларускай дзіцячай літаратуры і незвычайныя фарматы кніг пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой»

«Новыя героі беларускай дзіцячай літаратуры і незвычайныя фарматы кніг пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой»

14 красавіка 2020 года ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя папулярнай беларускай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.


Прадставіў аўтара дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў, у выдавецтве якога выйшла 7 з 12 кніг  пісьменніцы. Ён адзначыў, што ў скарбонцы аўтара ёсць творы і для дарослай аўдыторыі. І яны не менш цікавыя і займальныя, чым кнігі для самых патрабавальных чытачоў – дзяцей. Падкрэсліў, што сёння, нягледзячы на пашырэнне сеткі Інтэрнэт і ўкараненне новых тэхналогій, цікавасць да кнігі расце, і, што асабліва прыемна, менавіта ў маладога пакалення.

П.Сухарукаў прапанаваў удзельнікам сустрэчы паразважаць над пытаннямі: ці можа літаратура дапамагчы перажыць трывогу, псіхалагічную напругу?  Як зрабіць кнігу прывабнай для чытача, пашырыць кола маленькіх аматараў літаратуры, чытання наогул?

Цікавай і пазнавальнай атрымалася і размова з Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, якая падзялілася з прысутнымі сваімі ўражаннямі ад сустрэч з чытацкай аўдыторыяй, расказала, якія пытанні найбольш часта задаюць юныя чытачы, што іх цікавіць і што чакаюць ад аўтара і герояў кніг.

«З вопыту свайго, як маці, я зазначу: дзеці чытаюць. Задача пісьменнікаў, бібліятэкараў, кнігагандю – даваць ім такія кнігі, якія іх зацікавяць. Сёння, сапраўды, у звычайнай папяровай кнігі вельмі шмат канкурэнтаў – вядома ж, гаджэты. Трэба прапанаваць такую кнігу, якую захочацца ўзяць у рукі і прачытаць, атрымаць ад яе асалоду».

Дзіцячыя кнігі, на думку пісьменніцы, павінны быць цудоўна ілюстраваны, мець незвычайную назву і, безумоўна, цікавы і захапляльны змест.


Кацярына Хадасевіч-Лісавая ўпэўнена: менавіта кніга дапаможа перажыць неспакой, замяшанне, спалох. Чытачы пішуць Кацярыне ў сацыяльных сетках, што разам з дзецьмі з задавальненнем чытаюць яе творы, аб тым, што іх найбольш уразіла і захапіла.

Нягледзячы на тое, што ў беларускай літаратуры дзіцячая пісьменніца заснавала фармат кнігі-квэста (кніга «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці»), яна ўпэўнена: будучыня – за класічнай папяровай кнігай.   

«Я прыдумала, як звярнуць увагу дзяцей да маёй творчасці. На сустрэчы прыходжу ў вобразе феі з чароўнай палачкай, і мяне суправаджае Вухуцік – цацка ў выглядзе персанажа аднайменнай казкі. Ладжу інтэрактыўныя мерапрыемствы. А ў сваіх новых кнігах прыдумваю цікавыя заданні і гульні. Дзецям гэта падабаецца», – адзначыла пісьменніца.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая ўпэўнена, што асноўная мэта дзіцячай кнігі – выхаванне, фарміраванне духоўных і маральных каштоўнасцяў, добрых арыенціраў. 


Трэба адзначыць, што пасля такой сустрэчы ўсім прысутным захацелася набыць хоць адну з кніг аўтара і ўласна ўдасканаліцца ў іх пазітыўным уплыве, павандраваць з цікавымі героямі кніг па таямнічых казачных мясцінах.

Далучайцеся! Не пашкадуеце! 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах РУП «ДОМ ПРЭСЫ».

Опубликовано:
Просмотров:
589