Адбылася прэзентацыя дзіцячых кніг Міхася Пазнякова
У Свіслацкай сярэдняй школе імя А.Р. Чарвякова Пухавіцкага раёна выдавецтва “Народная асвета” арганізавала ў рамках рэспубліканскай акцыі “Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі – дзецям” творчую сустрэчу з Міхасём Пазняковым.
Міхаіл Паўлавіч шмат піша для дарослых, аднак большую частку творчасці ён аддае менавіта ім – юным чытачам. Яго творы ўключаны ў праграмы для дашкольнай і школьнай адукацыі.
Сваё натхненне пісьменнік чэрпае ў сям’і, роднай зямлі, веры ў дабрыню і, зразумела, у сустрэчах з чытачамі. Нярэдка менавіта дзеці падкідваюць тэмы аўтару.
“Прагулкі па Мінску. Горад, які выбіраюць дзеці”, “Алеська”, “Чорныя буслы”, серыя выданняў “Свет вакол нас” – далёка не поўны пералік кніг, якія прэзентаваў Міхаіл Паўлавіч школьнікам падчас сустрэчы.
Дзеці з задавальненнем падзяліліся сваімі ўражаннямі аб прачытаных кнігах, атрамалі аўтографы аўтара.