“Адзінства народа - вялікі здабытак”

“Адзінства народа - вялікі здабытак”

Студэнты факультэта міжнародных бізнес-камунікацый БДЭУ пры падтрымцы  дэканата факультэта Юліі Аляксандраўны Шаўрук, яе намесніка Руслана Егоравіча Ганчарова і загадчыцы кафедры беларускай і рускай моў Вольгі Мікалаеўны Губскай падрыхтавалі для гасцей цікавую праграму, прысвечаную Дню народнага адзінства. Там было ўсё: экскурс у гісторыю падзелу Беларусі ў 1921 годзе, вершы, віктарыны і песні. Акрамя таго, гледачам была прапанавана экспазіцыя друкаваных выданняў Беларусі 1920-1930-х гадоў, якая праводзілася ў рамках праекта Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь “Адзінства народа - вялікі здабытак”. Арыгінальныя тэксты, напісаныя тарашкевіцай, далі магчымасць удзельнікам мерапрыемства адчуць каларыт той эпохі.

Адзначым, што падчас мерапрыемства выкарыстоўваліся абедзве дзяржаўныя мовы, але перавага ўсё ж была ў беларускай. І такой перавазе ёсць выдатны аргумент – менавіта 17 верасня нарадзіўся класік беларускай літаратуры Максім Танк, выдатны паэт, удзельнік барацьбы за ўз’яднанне беларускага народа, які праз уласны лёс адчуў боль раз’яднанага “рыжскай мяжой” беларуса. З гэтай нагоды студэнты 2-га курса Варвара Мольцан і Арцём Герасімаў прачыталі верш “Здарова, таварышы”, напісаны паэтам адразу пасля аб’яднання беларускіх зямель у 1939 годзе.

Студэнты з задавальненнем узялі ўдзел у віктарыне, якая патрабавала ведання спрадвечнай беларускай лексікі. Дарэчы, ці ведаеце вы, што зорка, якая падае, па-беларуску завецца “знічка”? Не адмовіліся студэнты і ад прапановы “расчытаць беларускія сімвалы”.

Але, бадай, самы кранальны момант свята – гэта ўспаміны і цікавыя факты, звязаныя з рознымі куткамі нашай Радзімы, якімі шчыра падзяліліся з аўдыторыяй выкладчыкі і студэнты. Насамрэч, у кожным горадзе, у кожнай вёсцы Беларусі ёсць штосьці асаблівае, ад прыгожага парку да цудоўнага паху шакаладу на вуліцах…


Выдатным заканчэннем свята стала, канешне, песня ў выкананні Аляксандры Соп і Георгія Лаўрэнава.

Менавіта дзякуючы такім цудоўным момантам разумееш, што сапраўднае народнае адзінства – у шчырых адносінах з роднымі, сябрамі, калегамі, аднакурснікамі. Адзінства - у сэрцы кожнага з нас.



 Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах сайта БДЭУ.
Опубликовано:
Просмотров:
583