Ажывіць гісторыю. Авантуры ў поўным метры

Ажывіць гісторыю. Авантуры ў поўным метры

Танк па чарцяжах Леанарда да Вінчы, палацавыя інтэр'еры і маляўнічыя краявіды, прыгоды і пагоні, інтрыгі і рамантыка, вернасць і здрада, – фрагменты вялізнага кінапалатна, якія густа замешаныя на айчыннай гісторыі і суправаджаюцца пазнакай "12 плюс". У апошнія дні зімы Выдавецкі дом "Звязда" прадставіў у Мінску трэйлер нацыянальнага кінапраекту "Авантуры Пранціша Вырвіча", прэм'ера якога адбудзецца ў сярэдзіне сакавіка, а здымачная група прыадкрыла падрабязнасці стварэння кінастужкі.

"Мне вельмі хацелася "пажыць" у XVIII стагоддзі, у тую эпоху плашча і кінжалу, напэўна, найменш вербалізаваную з усёй нашай гісторыі, нягледзячы на падзейную разнастайнасць і насычанасць, – тлумачыць сваю цікавасць да тэмы пісьменніца Людміла Рублеўская, паводле бестселера якой і створаны фільм. – Можа быць, падагрэла мой інтарэс і кніга акадэміка Адама Мальдзіса "Беларусь у люстэрку мемарыяльнай літаратуры XVIII стагоддзя: нарысы быту і звычаяў" пра жыццё нашых продкаў, і мае ўласныя знаходкі, зробленыя падчас працы над дакументальнымі артыкуламі па гісторыі беларускай літаратуры. Я пабачыла, які гэта неверагодны матэрыял, колькі ўсяго цікавага адбывалася ў гэты перыяд у Беларусі, чаго ў нас, здавалася, і быць не магло!" .

IMG_6955a.jpg

Пісьменніца планавала стварыць "вясёлую аповесць" з удзелам двух персанажаў, якія ўвасобілі розныя бакі "беларуса гістарычнага" і разбурылі пэўныя стэрэатыпы (адзін – збяднелы шляхцюк Пранціш Вырвіч, які ў любых умовах захоўвае гонар і высакароднасць, другі – сын простага полацкага рамесніка Балтрамей Лёднік, які зрабіў сябе сам, спасціг мудрагелістыя навукі і наогул шмат у чым нагадвае Францыска Скарыну). Але гісторыя зацягнула аўтара, героі сталі паўнавартасна жыць (інтэлектуал Балтрамей Лёднік, напрыклад, памаладзеў і з другаснага персанажа ператварыўся ў адну з галоўных дзеючых асоб) і дыктаваць свае ўмовы, шукаць скарбы, даследаваць інтрыгі; у выніку аповесць ператварылася ў раман, затым другі... На сёння ў серыі пра авантуры Пранціша Вырвіча ўжо выйшла пяць кніг. 

Першая з іх і лягла ў аснову сцэнарыя, які па замове міністэрства культуры напісаў для гісторыка-прыгодніцкага фільма Валянцін Залужны. Больш за год на нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" ішлі здымкі, за працэсам якіх пільна сачылі чытачы і патэнцыйныя гледачы карціны. Стваральнікі фільма перакананыя: нягледзячы на лёгкі жанр, а мо нават дзякуючы яму, стужка абяцае стаць значнай кінаработай, якая прыцягне да беларускай гісторыі нават далёкіх ад яе людзей.

IMG_7047a.jpg

Рэжысёр Аляксандр Анісімаў, для якога гэта першая гістарычная карціна, зазначае, што праца сталася няпростай. Амаль палова з 50 кіназмен праходзіла ўначы пры свечках, бо ўдзень у Лідскім, Мірскім, Нясвіжскім замках, дзе здымалі "лінію Радзівілаў", няспынна ішлі экскурсіі. Таксама адмыслова для фільма дэкаратары кінастудыі сабралі дакладна па схемах і чарцяжах Леанарда да Вінчы танк з паравым рухавіком – калісьці шведскія кінематаграфісты не змаглі сабраць гэту канструкцыю, а беларусы не толькі ажыццявілі яе, але і прымусілі працаваць.

IMG_6925.JPG

…На грым і пераапрананне акцёраў патрабавалася каля 4 гадзін, і на працу перад камерамі прыпадала зусім няшмат часу, таму ўсе службы пастаянна знаходзіліся напагатове, а персанажы загадзя ўваходзілі ў вобразы. Абраныя па выніках кастынгу акцёры – адзначым, выключна беларускія, і гэта прынцыпова важны момант – каб ужыцца ў эпоху, шмат займаліся сцэнічнымі баямі і верхавой яздой. І нават у ролях другога плану, падкрэсліваюць стваральнікі карціны, акцёры здолелі раскрыцца і стварыць сапраўдны цікавы ансамбль. "Калі ёсць добрая літаратурная аснова, у адрозненне ад многіх сучасных штампаваных серыялаў, калі нават за маленькай роляй адчуваецца глыбіня, лёс чалавека – вельмі цікава іграць гэту ролю, і я ўдзячны аўтару і рэжысёру за магчымасць такой працы", – гаворыць народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак, які ў "Авантурах…" сыграў аптэкара Лейбу. "Працаваць над характарам свайго героя, які заўжды выступае за справядлівасць, ад чаго і пакутуе, нешта пра яго прыдумляць, эксперыментаваць – усё гэта было неверагодна цікава", – падтрымлівае калегу Георгій Пятрэнка–Пранціш Вырвіч.

Людміла Рублеўская выказала надзею, што ў фільме ўдалося перадаць галоўнае: дух эпохі і характар персанажаў, гатовых абараняць тэрыторыю ўнутранай свабоды са зброяй у руках. "Была ў нас задума зрабіць творчую масоўку, куды запісаліся многія мае сябры, дый я сама хацела зняцца ў некаторых масавых сцэнах – але бюджэт не дазваляў разагнацца на коней, карэты і масавыя сцэны, дый касцюмаў адпаведнай эпохі не хапала, таму ідэя, на жаль, не здзейснілася", – разводзіць рукамі пісьменніца. А вось над беларускамоўным агучваннем стужкі, якога чакае большасць гледачоў, праца вядзецца дагэтуль. І хочацца верыць, што вынік будзе станоўчым, і "кіно з нацыянальным характарам" атрымаецца такім не толькі ў рэлізах кінастудыі, але і на справе. Нагадаем, у пракат "Авантуры Пранціша Вырвіча" выйдуць з 19 сакавіка.

Материалы: РИУ "Издательский дом "Звязда"

Опубликовано:
Просмотров:
1 215