«Бабруйскае жыццё» адзначае 100-гадовы юбілей
Споўнілася 100 гадоў газеце «Бабруйскае жыццё».
Заснаванае на пераломе эпох, адно са старэйшых друкаваных выданняў нашай краіны стала сведкам і летапісцам важнейшых гістарычных падзей, якія карэнным чынам змянілі жыццё людзей.
Газета падтрымлівала рэвалюцыйны энтузіазм народа, удзельнічала ў ліквідацыі непісьменнасці, стварэнні калектыўных сялянскіх гаспадарак, новых прамысловых прадпрыемстваў, фарміравала вакол сябе культурны асяродак, напоўнены новымі ідэямі і творчымі памкненнямі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны газета змагалася з ворагам пад назвай “Бабруйскі партызан”, пасля вызвалення называлася “Савецкая Радзіма”.
Калектыў захоўвае памяць аб тых супрацоўніках рэдакцыі, хто набліжаў нашу Перамогу, годна рабіў прафесійную справу ў пасляваенны час.
Віншаванне калектыву рэдакцыі накіраваў Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.
“Сёння калектыў “Бабруйскага жыцця” ідзе ў нагу з часам, паспяхова выкарыстоўвае новыя тэхналогіі пры падрыхтоўцы газетных матэрыялаў, імкнецца, як і раней, рабіць іх цікавымі і злабадзённымі, разам з мясцовымі ўладамі ўдзельнічае ў вырашэнні праблем людзей, падзяляе іх клопаты, будуе новую Беларусь”, - гаворыцца ў віншаванні.
За шматгадовую плённую працу на ніве беларускай журналістыкі, высокае прафесійнае майстэрства і ў сувязі са 100-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара газеты намеснік галоўнага рэдактара Аляксандр Лескавец і фотакарэспандэнт выдання Аляксандр Анташкевіч узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.