Беларуска-ўзбекскі круглы стол у фармаце анлайн

Беларуска-ўзбекскі круглы стол у фармаце анлайн

26 жніўня ў Выдавецкім доме «Звязда» пройдзе ў рэжыме анлайн круглы стол «Беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі». 

Тэма невыпадковая. У апошнія пяць-дзесяць гадоў беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі развіваюцца даволі інтэнсіўна. Складваецца ўражанне, што намаганнямі двух бакоў адбываецца пэўны рэнесанс у гэтым напрамку. Спрыяе гэтаму ў многім і руплівасць канкрэтных арганізатараў справы. Найперш — Пасольства Узбекістана ў Рэспубліцы Беларусь, Саюза пісьменнікаў Узбекістана, Выдавецкага дома «Звязда», беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў. 

Вялікую ролю адыгрываюць непасрэдныя кантакты. У многім развіццю літаратурных сувязяў паміж нашымі краінамі паспрыяў дарадца ўзбекскай амбасады ў Беларусі доктар палітычных навук Даніяр Абідаў, які, на вялікі жаль, не так даўно пайшоў з жыцця. У Беларусь у апошнія гады наведаліся ташкенцкія літаратары — перакладчыца, празаік Рысалат Хайдарава, старшыня Саюза пісьменнікаў Узбекістана паэт Сіражыддзін Сайід, публіцыст, празаік, драматург Кучкар Наркабіл, доктар філалагічных навук Анатоль Ліхадзіеўскі, іншыя творцы. У Мінску ўбачыў свет спецыяльны «ўзбекскі выпуск» часопіса «Беларусь». На старонках газет «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Полымя», «Нёман» у перакладах на беларускую і рускую мову з’явіліся публікацыі ўзбекскіх аўтараў. Выйшла сумесная кніга беларускіх і ўзбекскіх пісьменнікаў «Созвучие сердец: Беларусь — Узбекистан». Мінскае выдавецтва «Белпринт» выдала кнігу Алішэра Наваі на беларускай мове. І ва Узбекістане з’явіліся новыя пераклады твораў беларускіх аўтараў. 

А зараз да размовы за круглым сталом на тэму далейшага развіцця беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязяў спрычыняцца супрацоўнікі беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў, кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Узбекістана, а таксама Пасольства Узбекістана ў Рэспубліцы Беларусь. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
1 048