Беларускай краязнаўчай энцыклапедыі – быць!

Беларускай краязнаўчай энцыклапедыі – быць!

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пачынаецца праца па стварэнні даведніка «Беларуская краязнаўчая энцыклапедыя». Пачатак рэалізацыі гэтага праекта заклала рашэнне I Рэспубліканскага краязнаўчага форуму, які быў праведзены на пачатку 2020 года.

Ініцыятарамі новага выдання выступаюць Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі фонд культуры, выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», Выдавецкі дом «Звязда», Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Нацыянальнае агенцтва па турызме, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Такое прадстаўнічае супольніцтва дзяржаўных і грамадскіх структур, несумненна, прынясе высокі плён.

‒ Ужо на пачатку студзеня 2021 года мы сабраліся ініцыятыўнай групай, – дзеліцца развагамі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька, – каб вызначыць асноўныя накірункі ў структуры выдання. Па-першае, у грунтоўным даведніку будзе выкладзена агульная інфармацыя аб развіцці краязнаўства ў беларускіх рэгіёнах. Гэта датычыцца гісторыі і сучаснасці. Асабліва падкрэслім ці вылучым музейнае, бібліятэчнае, пазашкольнае краязнаўства. Канешне ж, знойдзецца месца і для разгляду студэнцкага, рэлігійнага, экалагічнага краязнаўства. Па-другое, вельмі істотнае месца зоймуць персаналіі ў «Беларускай краязнаўчай энцыклапедыі». Столькі людзей за стагоддзі мелі далучэнне да збірання гістарычнай памяці ў рэгіёнах, што расповед пра іх уяўляецца сапраўдным нацыянальным скарбам.

‒ Як будзе ажыццяўляцца збор інфармацыі для новага выдання?

‒ На пасяджэнні рабочай групы і кіраўніцтва энцыклапедычнага  выдавецтва, і кіраўніцтва Беларускага фонда культуры, і іншыя выказаліся пра вартасці грамадскіх, агульных мэтаў у гэтай справе. Канешне ж, сапраўдную карціну развіцця краязнаўства ў нашай краіне мы зможам сфарміраваць толькі супольна, толькі разам. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь будзе актыўна працаваць з абласнымі краязнаўчымі музеямі. Гэта, так бы мовіць, наш метадычны цэнтр. Нацыянальная бібліятэка Беларусі не толькі сама ўключыцца ў працэс, але і памкненні абласных бібліятэк аб’яднае. Тым болей, што менавіта ў іх існуе багаты вопыт краязнаўчых бібліяграфій, што дазволіць максімальна не прапусціць галоўнае, ахапіць усю палітру дзейнасці ў галіне краязнаўства на месцах, у раёнах, у самых далёкіх ад цэнтра, ад сталіцы куточках Беларусі. Мы ўжо рыхтуем і афіцыйныя звароты ў музеі, ва ўстановы і арганізацыі, якія збіраемся далучыць да працы. Распрацоўваецца і анкета для падрыхтоўкі звестак аб краязнаўцах, для збірання інфармацыі па напрамках і рэгіёнах. Своеасаблівым генератарам у гэтым складніку дзейнасці выступае Беларускі фонд культуры, які фактычна аб’ядноўвае краязнаўчую грамаду краіны.

Сапраўды, пачынаецца вялікая справа. Рэалізаваць яе, зрабіць выданне ў выніку карысным і запатрабаваным можна толькі разам, толькі агульнымі намаганнямі. Падмурак пакладзены. Ініцыятыва аб’яднала шмат каго ў гарачым жаданні распавесці пра зробленае, падзякаваць сучаснікам і прашчурам за іх руплівасць у вялікай справе збірання гістарычнай, краязнаўчай памяці пра Беларусь.

Крыніца: sozvuchie.by

Опубликовано:
Просмотров:
930