«Белкніга»: што найболей чытаюць па-беларуску?

«Белкніга»: што найболей чытаюць па-беларуску?

Сярод 100 кніг на беларускай мове, якія атрымалі найбольшы рэйтынг продажаў у сістэме гандлёвых аб’ектаў ААТ «Белкніга», 45 выданняў пабачылі свет у дзяржаўных выдавецтвах краіны.

У лідарах (па-ранейшаму, ужо другі год!) – «Дзіцячы атлас Беларусі» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Прададзена за дзевяць месяцаў 2019 года 278 асобнікаў. Дарэчы, на дзявятым месцы – таксама выданне з гэтага ж праекта: «Дзіцячы атлас Беларусі. Легенды» (прададзена 215 асобнікаў). У дзясятцы лідараў размясцілася і выдавецтва «Беларусь» (на шостым месцы) – з кнігай «Беларусь. Праз стагоддзі ў будучыню».

Для ўдакладнення: у лідарах продажаў, куды статыстычны агляд дазволіў уключыць 100 назваў, знаходзяцца кнігі, якія за студзень – верасень 2019 г. выбралі ад 330 да 19 пакупнікоў. Першае месца займае «Харвест» з кнігай «Гэта, Беларусь, дзетка!». На апошнім – «Наш стары добры Вавілон» М.Валодзіна выдавецтва «Кнігазбор».

Што цікава, па-ранейшаму досыць сур’ёзным падаецца прадстаўніцтва ў рэйтынгу кніг замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову – усяго 15 выданняў. А што да аўтараў, то гэта ўкраінская пісьменніца Ірына Данеўская з раманам «Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц», С.Нурдквіст (у рэйтынгу пяць кніг гэтага шведскага пісьменніка і ілюстратара. Агулам «Белкніга» прадала 255 экз. розных яго кніг), А.Памука, Г.Маркес, С.Пясецкі, Джані Радары, Г.Х.Андэрсан, Дж.Остэн…

Хто з сучасных айчынных пісьменнікаў патрапіў у рэйтынг са 100 кніг за студзень – верасень? Віктар Марціновіч з выдадзенымі па-беларуску раманамі «Мова» і «Ноч» – у самым версе рэйтынгавай табліцы (на трэцім і пятым месцах – адпаведна з продажам кніг у 278 і 250 экз.), Андрэй Горват (цікавасць да «Радзіва «Прудок» праявілі 150 пакупнікоў), Святлана Алексіевіч з кнігай «У вайны не жаночы твар», Міраслаў Адамчык, Мікола Маляўка, Людміла Рублеўская (у рэйтынгу яна прысутнічае з чатырма кнігамі), Альгерд Бахарэвіч, Ганна Севярынец, Віктар Корбут, Аляксей Ненадавец, Уладзімір Ягоўдзік, Зіновій Прыгодзіч, Валеры Гапееў, Алесь Карлюкевіч, Алесь Лозка, Франц Сіўко, Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак.

Цікавыя чытачу і класікі – Уладзімір Караткевіч, Янка Маўр, Васіль Быкаў, Іван Мележ, Максім Багдановіч, Адам Міцкевіч, Рыгор Барадулін, Якуб Колас. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.


Опубликовано:
Просмотров:
1 398