Часопіс «Бярозка» пачынае сумесны праект па падтрымцы юных пісьменнікаў з радыёканалам «Культура»

Часопіс «Бярозка» пачынае сумесны праект па падтрымцы юных пісьменнікаў з радыёканалам «Культура»

Па слядах прэс-канферэнцыі, прысвечанай пытанню падтрымкі юных літаратурных талентаў, часопіс «Бярозка» пачынае сумесны праект з каналам «Культура» Беларускага радыё.

Работа з юнымі аўтарамі ў часопісе «Бярозка» не абмяжоўваецца толькі друкаваннем іх твораў. У рэдакцыі разумеюць, што пішучай моладзі неабходна своечасовая падтрымка і ўвага старэйшых настаўнікаў.

«Бярозка» пачынае сумесны праект з каналам «Культура» Беларускага радыё, — дзеліцца навіной рэдактар аддзела часопіса «Бярозка» Ксенія Сітнік. — Кожны месяц будзе выходзіць чытацкі клуб, дзе мы разам з беларускамоўнымі дзеткамі станем абмяркоўваць творы, якія іх цікавяць. У снежні — выпуск, прысвечаны кнізе «Гары Потэр і філасофскі камень» у перакладзе Алены Пятровіч.

Дарэчы, актыўную сувязь з моладдзю падтрымліваюць і другія рэдакцыі Выдавецкага дома «Звязда».

Нягледзячы на тое, што наша мэтавая аўдыторыя — усё ж такі дарослыя людзі, маладым аўтарам, якія да нас звяртаюцца, мы аказваем першасную ўвагу, — адзначыла рэдактар аддзела паэзіі і крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва» Таццяна Барадуля. — Увогуле, у іх работах ёсць такая асаблівасць, неверагодная колькасць любові, аптымістычнага позірку на жыццё — гэтым немагчыма не падзяліцца.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».


Опубликовано:
Просмотров:
447