”Чырвонаму Кастрычніку” – 80!

”Чырвонаму Кастрычніку” – 80!

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч павіншаваў калектыў рэдакцыі, а таксама ветэранаў журналістыкі Дзяржаўнай установы ”Рэдакцыя газеты ”Чырвоны Кастрычнік” з 80-годдзем з дня выхаду першага нумара газеты.

“Ваша выданне, якое ўбачыла свет за два гады да пачатку Вялікай Айчынай вайны, мае слаўную гісторыю, у тым ліку і баявую.

Падчас барацьбы з фашысцкімі акупантамі газета выходзіла падпольна пад дэвізам ”Алоўкі заменім на вінтоўкі, пяро – на штык” пад назвамі ”За Радзіму”, потым – ”Народны мсцівец”, друкавалася ў зямлянцы ва ўрочышчы Стаўпішчы. Баявы настрой ”Чырвоны Кастрычнік” захаваў і ў цяжкі пасляваенны час”, – адзначыў кіраўнік ведамства.

У віншаванні гаворыцца, што і сёння, працягваючы свае лепшыя традыцыі, паважаная мясцовая раёнка ва ўсіх ракурсах асвятляе жыццё роднага краю. Яна – крыніца актуальных навін і каментарыяў, рэпартажаў пра самыя важныя падзеі Акцябршчыны, Міншчыны, Беларусі. Займае актыўную пазіцыю ў пытаннях асвятлення жыцця грамадства, захоўваючы беражлівыя адносіны да слова, уменне разгледзець у штодзённай інфармацыі імклівы рух жыцця.

Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў: “Асаблівае значэнне мае сацыяльная накіраванасць вашых матэрыялаў. Праблемы эканомікі, павышэння эфектыўнасці вытворчасці, адукацыі, аховы здароўя, патрыятычнага выхавання, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей, беражлівых адносін да зямлі разглядаюцца ўдумліва, з любоўю да роднага краю, з павагай да землякоў".

Міністр падзякаваў калектыву рэдакцыі за нястомную працу, за праўдзівае і своечасовае асвятленне жыцця рэгіёна, суайчыннікаў. Таксама ён выказаў упэўненасць, што і надалей калектыў газеты будзе ісці ў нагу з часам, застаючыся патрыётам сваёй малой радзімы, нашай Айчыны.

Аляксандр Карлюкевіч таксама пажадаў новых выдатных творчых дасягненняў, добрага здароўя, дабрабыту, нязменнай адданасці чытачоў.

Опубликовано:
Просмотров:
824