Да кнігі – праз відэа

Да кнігі – праз відэа

Конкурс буктрэйлераў «Кніга з экрана» — сумесны праект БРСМ, Міністэрства інфармацыі і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго мэта — папулярызацыя чытання, актуалізацыя цікавасці да мастацкай літаратуры і прыцягненне моладзі да захавання і ўмацавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Менавіта кнігі пра вайну прапанавалі арганізатары ўдзельнікам першага тура конкурсу. Для ўдзелу ў рэспубліканскім фінале прыйшоў 91 буктрэйлер — так называюць кароткі відэаролік, які расказвае ў свабоднай мастацкай форме аб якой-небудзь кнізе. Сярод тых, хто адгукнуўся на конкурс, — школьнікі, студэнты, прадстаўнікі працуючай моладзі.

Самай папулярнай кнігай у пачынаючых сцэнарыстаў, аператараў і рэжысёраў стала аповесць Барыса Васільева «А зоры тут ціхія...». Каля 40% конкурсных буктрэйлераў знята менавіта па гэтай кнізе. Сярод работ, якія найбольш спадабаліся інтэрнэт-карыстальнікам, — буктрэйлеры па паэме Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін» («Сыраваткінскія яслі-сад — сярэдняя школа» Смаргонскага раёна), па аповесці Васіля Быкава «Абеліск» (гімназія № 7 горада Віцебска), па рамане Міхаіла Шолахава «Яны змагаліся за Радзіму» (Палескі дзяржаўны ўніверсітэт).

Сваіх фаварытаў вызначыла і прафесійнае журы. Гэтыя работы паказалі падчас On Air марафону «Беларусь памятае. Кветкі Вялікай Перамогі», які адбыўся на сцэне Драматычнага тэатра Беларускай Арміі. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”

Опубликовано:
Просмотров:
519