«Дамы і зямля, навекі нашы…»

«Дамы і зямля, навекі нашы…»

Якія б героі не дзейнічалі у гістарычным рамане, рэальныя ці выдуманыя, ці не галоўнае, каб чытачу не было сумна на працягу твора?

Паглыбіцца ў XIII стагоддзе запрашае чатача гістарычны раман Алеся Аляшкевіча «Замкавая гара» (Мінск, «Выдавецкі дом “Звязда”», 2019). Па форме твор традыцыйны: аўтар стварае сукупнасць выразных карцін з жыцця тагачаснага Полацкага, Новагародскага, Пінскага, Берасцейскага княстваў, Літоўскага каралеўства, якія вялі жорсткую барацьбу з крыжакамі і мангола-татарамі.

Галоўнай мэтай апавядальніка бачыцца стварэнне вобразаў мужных сыноў-абаронцаў сваёй зямлі: князёў Войшалка, Таўцівіла, Шварна, Аляксандра Неўскага, Давыда Гарадзенскага, першага караля Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга. 

Алесь Аляшкевіч імкнецца паказаць не постаці, звесткі аб якіх амаль зніклі ў плыні стагоддзяў, а людзей з іх мроямі, шчырымі пачуццямі і перажываннямі, з іх узнёслым каханнем. Гэткай жа ўзнёсласцю прасякнуты ўвесь раман, таму нават не здзіўляе высокая канцэнтрацыя словазлучэнняў накшталт «свяшчэнны горад», «каварны вораг» і «храбрыя воі» ўжо на першых старонках.

Няма сэнсу пераказваць змест твора, бо ў яго аснове — падзеі мінулага, няхай і прыхарошаныя фантазіяй аўтара. Раман, дарэчы, патрабуе ў належнай ступені і асаблівай увагі, і канкрэтных ведаў, бо ў ім хапае даволі спрэчных меркаванняў і дапушчэнняў. Аўтар разгледзеў час ад знішчэння горада Арконы, цэнтра балтыйскага славянскага племені рутэнаў, да пераезду вялікага князя Гедыміна ў Вільню, калі «Вялікае Княства Літоўскае распраўляла свае крылы». 

Міжусобныя войны, здрады, памкненні да аб’яднання зямель  — усё гэта лагічныя складнікі сюжэта гістарычнага рамана (у дадзеным выпадку цалкам хранікальнага). Не дзіва, што асаблівае месца тут нададзена постаці Міндоўга. Ствараючы, па сутнасці, новую дзяржаву, герой прамаўляе: «…Усё жыццё нам і нашым нашчадкам тут цяпер стаяць! І бараніцца ад ворагаў! І трэба будаваць і рабіць усё так, каб ніхто не здолеў адняць ад нашых веж ніводнага бервяна! Дамы і зямля гэтыя цяпер нашы навекі. Навекі і будавацца будзем!»

Захапіўшыся апісаннем шматлікіх здзяйсненняў і атмасферы ваяўнічасці і геройства ўвогуле, аўтар час ад часу забываецца, што празмерная насычанасць падзеямі і героямі не на карысць твору, бо нагадвае ў большай ступені падручнік па гісторыі, чым мастацкі твор. Але адзін з тых пунктаў, што супярэчаць «дакументальнасці»,  — ідэалізацыя аўтарам амаль усіх герояў: ад воінаў да іх абранніц. 

Існуе велізарны лагер станоўчых персанажаў ды невялікі і амаль што безыменны лагер персанажаў адмоўных: ворагаўзаваёўнікаў і здраднікаў. Якраз у гэтым бачыцца ўраўноўванне свядомасці большасці асоб, якія пасля прачытання зліваюцца ў адзін вобраз героя і пераможцы, што клапоціцца пра сваю зямлю і будучыню народа. Таму трэба сказаць, што сваёй мэты аўтар дасягнуў.

А вось прывабіць чытача, які не надта цікавіцца перыпетыямі беларускага мінулага, у Алеся Аляшкевіча можа і не атрымацца, бо раман падаецца даволі статычным і няма выразнай ні любоўнай, ні дэтэктыўнай лініі. Дарэчы, у гэтай сувязі магла б атрымацца спроба стварыць альтэрнатыўную гісторыю, калі героі і падзеі паўсталі б перад намі нязвыклымі і нават супярэчлівымі. У гэтым выпадку ў іх было б больш шансаў стаць цікавымі не сваёй знакавасцю, а як адмысловыя персанажы мастацкага твора. У кнізе гэта выглядае як паўмера: нараўне з жыццём вядомых нам герояў вырашаюцца і лёсы братоў Сулічаў. Але ім нададзена не так і шмат увагі.

Відавочна, аўтар, нягледзячы на жаданне крыху памарыць, імкнецца да рэалістычнай традыцыі, стварэння зразумелага выразнага летапісу, які павінен ведаць кожны. Таму пытанне культурна-гістарычнага кантэксту для Алеся Аляшкевіча стала прынцыпова важным. Пісьменнік праз асабістую «падкаванасць» дамагаецца і такіх жа выдатных ведаў ад чытача: а гэта не толькі звесткі пра барацьбу за ўладу, незлічоныя войны і будаўніцтва гарадоў. Гэта падрабязны аповед з апісаннем ледзь не ўсіх прычынна-выніковых сувязяў, якія даюць падставу і самому чытачу разважаць, што было сапраўды неабходна і чаго лепей было б пазбегнуць. Тут і пагадненне паміж Літвой, Полацкам і Уладзімірам аб сумеснай барацьбе з лівонскімі крыжакамі, і помста за Міндоўга, і княжанне Віценя і многія іншыя падзеі.

Кніга спадабаецца аматарам дасканалага вывучэння айчыннай гісторыі. Раман «Замкавая гара» — гэта сапраўды той дапаможнік, які можа сарыентаваць у акалічнасцях таго часу. А ў цэлым у творы бачыцца выдатны падмурак для стварэння гістарычнага серыяла.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ЛіМ.


Опубликовано:
Просмотров:
81
Поделиться в соц.сетях