Дайсці да кожнага і дапамагчы

Дайсці да кожнага і дапамагчы

Улады павінны дайсці да кожнага чалавека і дапамагчы яму ў вырашэнні пытання, як мінімум растлумачыць, чаму зараз штосьці зрабіць не атрымліваецца і калі з'явіцца адпаведная магчымасць. Такое меркаванне выказала журналістам начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ падчас асабістага прыёму грамадзян у Дзяржынскім райвыканкаме.

— Людзям важна тлумачыць. Мы не даходзім да кожнага чалавека, а трэба ўсім растлумачыць, чаму пытанне не вырашана, што трэба здзейсніць, у які бок зрабіць крокі, каб пытанне было вырашана, — падкрэсліла яна.

Так, адразу некалькі чалавек з Дзяржынска паскардзіліся на дарогі ў горадзе: маўляў, стан іх дрэнны, у ямінах. Былі звароты жыхароў раёна па транспартным абслугоўванні, добраўпарадкаванні тэрыторыі, пенсійным забеспячэнні і іншыя. Усе яны не застануцца без належнай увагі, узяты на кантроль.

Падводзячы вынікі прыёму, Вольга Шпілеўская адзначыла, што большасць пытанняў датычылася добраўпарадкавання і навядзення парадку ў Дзяржынску:

— Прэзідэнт асабіста бярэ на кантроль развіццё ўсіх райцэнтраў, у першую чаргу гэта датычыцца вялікіх гарадоў. Паколькі гэта горад-спадарожнік, то пытанне дарог павінна вырашацца. Пытанне набалелае, яно ўзнікла не ўчора, таму і вырашыцца не за дзень. Але мясцовая ўлада скіравана на работу. Адпаведна, будуць прынятыя рашэнні, пытанню будзе аддадзена асаблівая ўвага, — адзначыла яна.

Між іншым, гучалі пытанні і ад жыхароў іншых раёнаў. Па словах начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення, з аднаго боку, дрэнна, што людзі звяртаюцца не да мясцовай улады, а адразу ідуць «наверх». Гэта азначае, што яны не вераць у тое, што мясцовая ўлада дапаможа ў вырашэнні іх праблемы. З другога боку — некаторыя праблемы мясцовая ўлада на сваім узроўні вырашыць не можа, людзі гэта разумеюць. Таму трэба выносіць такія пытанні на больш высокі ўзровень, магчыма, нават уносіць карэктывы ў заканадаўства, калі гэта патрабуецца.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

Опубликовано:
Просмотров:
653