Дыпламаты з сямі краін прыедуць на святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Іванава

Дыпламаты з сямі краін прыедуць на святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Іванава

Дыпламаты з сямі краін прыедуць на святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Іванава. Аб гэтым паведаміла журналістам начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава, пад час прэс-канферэнцыi якая адбылась у Нацыянальным прэс-цэнтры.

"Ужо сёння МЗС пацвярджае прыезд дыпламатаў з такіх краін, як Венгрыя, Латвія, Малдова, Палесціна, Расія, Таджыкістан, Японія, а таксама прадстаўнікоў ЮНІСЕФ", - расказала Алена Паўлава.

На яе думку, турыстычны патэнцыял свята высокі, але трэба прадаўжаць работу ў гэтым напрамку. Прадстаўнік Мінінфарма лічыць, што гасцям свята будзе што паглядзець не толькі ў Іванаве, але і ў бліжэйшым наваколлі.

Турыстам варта наведаць мястэчка Янава, якому ў гэтым годзе споўніцца 595 гадоў, музейны комплекс Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы, вёску Дастоева, дзе жылі продкі Фёдара Дастаеўскага, аграгарадок Моталь, у якім нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля і штогод праходзіць фестываль "Мотальскiя прысмакi".

Юбілейны, XXV Дзень беларускага пісьменства, які прымае ў гэтым годзе горад Іванава Брэсцкай вобласці, будзе прысвечаны тэме малой радзімы. Адкрыццё свята адбудзецца 2 верасня ў 12.00 на галоўнай пляцоўцы, якая размесціцца ў гарадскім парку.

Праграма святочных мерапрыемстваў уключае ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Арганізатарамі конкурсу выступаюць міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

На традыцыйны міжнародны круглы стол літаратараў збяруцца пісьменнікі з 13 краін, у тым ліку ўпершыню з Кыргызстана і Эквадора.

Фестываль кнігі і прэсы пачне працаваць ужо 1 верасня. Тут будуць кніжныя выставачныя павільёны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ.

Госці свята змогуць сустрэцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, наведаць прэзентацыі кніг і выдавецтваў, перыядычных выданняў, паглядзець выступленні артыстаў і мастацкіх калектываў.

У Дзень ведаў таксама адбудзецца фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка" з урачыстым узнагароджаннем пераможцаў.

Шэраг мерапрыемстваў будзе прысвечаны 400-годдзю першага ў свеце "Буквара", выдадзенага беларусамі. Пройдуць "Іванаўскія чытанні" - навукова-практычная канферэнцыя, якая арганізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Часткай Дня беларускага пісьменства традыцыйна з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя "Дарога да Святынь" з Жыватворным агнём ад Труны Гасподняй, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства.



У прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры прынялі ўдзел начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава, начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Тамільчык, першы намеснік старшыні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алена Стэльмах, намеснік дырэктара выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Аляксей Чарота і першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белкніга» Геннадзь Сілінскі.
Опубликовано:
Просмотров:
1 547
Источник:
Тип события: