Дзецям – ад выдавецтва “Народная асвета”

Дзецям – ад выдавецтва “Народная асвета”

Дзецям – ад выдавецтва “Народная асвета”

22 лістапада бягучага года выдавецтвам “Народная асвета” з удзелам Саюза пісьменнікаў Беларусі будзе праведзена прэзентацыя кніг Міколы Чарняўскага і Анатоля Зэкава на базе бібліятэк Свіслацкай СШ і СШ № 1 п. Дружны Пухавіцкага раёна, а таксама на базе Мінскага раённага цэнтра культуры. Напісаныя жывой вобразнай мовай, багатыя на выдумку, прасветленыя цёплай усмешкай і гумарам, кнігі адрасаваны не толькі дашкольнікам і навучэнцам пачатковых класаў, іх бацькам, але і выхавацелям і настаўнікам,бібліятэкарам.

Вобразныя, багатыя на выдумку вершы, прымаўлянкі-забаўлянкі, загадкі, шарады і казкі, змешчаныя ў кнізе Міколы Чарняўскага “Ці растуць грыбы ў Грыбна?”, адкрываюць для юных чытачоў шмат незвычайнага, сапраўды займальнага. А п’еса-казка “Пад Новы год – не без прыгод” дапаможа вучням весела і цікава правесці свята навагодняй ёлкі.

Героі кнігі “Колькі ў сонейка сяброў” ўзяты з жыцця. З цёплай усмешкай аўтар расказвае пра кур’ёзныя здарэнні, што адбыліся з яго ўнукамі – здатнымі на выдумку фантазёрамі Мікіткам і Ангелінкай. Празаічныя і вершаваныя раздзелы кнігі ўдала дапоўнены скорагаворкамі, лічылкамі, загадкамі, казкамі, песнямі.

Новая кніга Міколы Чарняўскага “Села Мурка на падмурку” цалкам адпавядае сваёй назве – яна забаўна-займальная, поўная казачных прыгод і таямніц. У ёй чытач сустрэнецца з сынамі дзядзькі Тыдня і дзядулі Года, зробіць з імі незвычайнае падарожжа па месяцах – ад студзеня да снежня. У кнізе змешчана вялікая вязанка каламбураў і скорагаворак, азбука адА да Я.

Вы любіце матэматыку? Тады кніга “Колькі дзе чаго”Анатоля Зэкава для вас! У ёй змешчаны не проста загадкі, а загадкі-задачкі. Некаторыя з іх зусім нескладаныя: варта толькі пры чытанні ці слуханні загінаць пальчыкі. У іншых трэба складаць, аднімаць, множыць, дзяліць. Хочаце праверыць сябе? Што ж, разгортвайце кнігу – і спрабуйце!

Кніга А.Зэкава “Кенгуру ці кенгура?” – гэта захапляючае падарожжа ў таямнічы свет казак і вясёлых гісторый, якія здараюцца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, а таксама з іх сябрамі – братамі нашымі меншымі. Вандруючы, юныя чытачы змогуць таксама навучыцца правільна і хутка вымаўляць скорагаворкі і праверыць сябе ў адгадванні загадак.
Опубликовано:
Просмотров:
454