Дзень беларускага пісьменства – тэма для правядзення першых урокаў у навучальных установах краіны

Дзень беларускага пісьменства – тэма для правядзення першых урокаў у навучальных установах краіны

Першыя ўрокі традыцыйна ў рамках Дня ведаў у гэтым годзе пройдуць пад назвай “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…” і будуць прысвечаны Году малой радзімы.

Беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, паказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і з сённяшнім днём, дэманстрацыя пастаяннага клопату дзяржавы аб духоўна-маральным развіцці грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыянальнай літаратуры і кнігавыдання – асноўная ідэя Дня беларускага пісьменства, гаворка пра які таксама пойдзе падчас правядзення першых урокаў у навучальных установах краіны.

Свята адзначаецца ў нашай краіне ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» штогод у першую нядзелю верасня.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.

Першы Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў 1994 годзе ў горадзе Полацку, на радзіме Францыска Скарыны – беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, філосафа-гуманіста, пісьменніка.  У розныя гады свята адзначалася ў Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Шчучыне, Рагачове.

Юбілейны дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства у 2018 годзе пройдзе ў кантэксце тэматыкі "Мая малая радзіма" у горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.

У аснову Дня беларускага пісьменства пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый. Свята дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, удзельнікамі працэсу напісання кніг, выдання газет і часопісаў.

Невыпадкова і тое, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года. Адукацыя, інфармацыя і культура – тры грані, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе духоўны свет. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства.

Адкрыццё свята адбудзецца 2 верасня ў 12.00 на галоўнай пляцоўцы Іванава, якая размесціцца ў гарадскім парку. Праграма святочных мерапрыемстваў уключае ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Арганізатарамі конкурсу выступаюць міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

На традыцыйны міжнародны круглы стол літаратараў запрошаны пісьменнікі з 15 краін. Фестываль кнігі і прэсы пачне працаваць ужо 1 верасня. Тут будуць кніжныя выставачныя павільёны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ. Падчас правядзення фестывалю госці свята змогуць сустрэцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, наведаць прэзентацыі кніг і выдавецтваў, перыядычных выданняў, стаць гледачамі выступленняў мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў.

У Дзень ведаў таксама пройде фінал Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў. Шэраг мерапрыемстваў будзе прысвечаны 400-годдзю  першага ў свеце “Буквара”, выдадзенага беларусамі. Таксама  пройдуць “Іванаўскія чытанні” – навукова-практычная канферэнцыя, якая арганізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук.

Часткай Дня беларускага пісьменства традыцыйна з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў" з жыватворным агнём ад гроба Гасподняга, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства.

За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта – тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, настаўнікамі.
Опубликовано:
Просмотров:
1 582