Газеце "Літаратура і мастацтва" – 85!

Газеце "Літаратура і мастацтва" – 85!

26 лютага споўнілася 85 гадоў з дня выхаду ў свет першага нумара газеты "Літаратура і мастацтва".

Віншаванне з нагоды юбілею накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка.

Увесь час свайго існавання, ад самага першага выпуску, выданне адыгрывае важную ролю ў захаванні роднай мовы і культурнай спадчыны нашай краіны, духоўных традыцый і маральных ідэалаў народа. Тут выспявала і складвалася школа беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, якая спрыяла якаснаму развіццю літаратуры і мастацтва.

Сённяшні "ЛіМ" працягвае традыцыі папярэднікаў, спрыяе рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры і літаратуры, з’яўляецца адкрытай пляцоўкай для творчых дыскусій, актыўна асвятляе падзеі творчага жыцця краіны.

У сувязі з юбілеем выдання 27 лютага адбылася ўрачыстая імпрэза "ЛіМ" і вобразы эпох", у якой прынялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь М.У.Рыжанкоў, Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Л.С.Ананіч, намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь А.М.Карлюкевіч, прарэктар па навуковай працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў В.Р.Языковіч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, паэт М.М.Мятліцкі, першы намеснік старшыні ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" А.А.Стэльмах, старшыня ГА "Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў" Р.Б.Смольскі, старшыня ГА "Беларускі саюз мастакоў" Р.С.Сітніца, намеснік старшыні ГА "Беларускі саюз кампазітараў" Э.Б.Зарыцкі, дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура" А.М.Бадак і галоўны рэдактар выдавецтва В.А.Шніп, старшыня ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Н.П.Аўдзеева і іншыя запрошаныя.

За добрасумленную плённую працу ў сродках масавай інфармацыі, высокае прафесійнае майстэрства і ў сувязі з юбілейнай датай Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны работнікі рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва" рэдакцыйна-выдавецкай установы "Выдавецкі дом "Звязда" – намеснік галоўнага рэдактара Петрусевіч Інеса Яўгенаўна, адказны сакратар Марчук Раіса Мікалаеўна, вядучы фотакарэспандэнт аддзела фотаілюстрацыі Дробаў Канстанцін Леанідавіч.

Са святам, калегі!

Опубликовано:
Просмотров:
431