Газеце ”Праца“ – 80!

Газеце ”Праца“ – 80!

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч павіншаваў калектыў рэдакцыі газеты ”Праца“, а таксама ветэранаў журналістыкі з 80-годдзем з дня выхаду першага нумара.

“Ваша выданне, якое ўбачыла свет адным з першых у заходніх раёнах Беларусі пад назвай ”За высокий урожай“ за год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, мае слаўную гісторыю, у тым ліку і баявую. Падчас барацьбы з фашысцкімі акупантамі зельвенская газета “За советскую Белоруссию” выходзіла падпольна. Са студзеня 1967 года – больш за паўстагоддзя – яе назва нязменная – ”Праца“.

І сёння, працягваючы свае лепшыя традыцыі, паважаная мясцовая раёнка ва ўсіх ракурсах асвятляе жыццё роднага краю. Яна – крыніца актуальных навін і каментарыяў, рэпартажаў пра самыя важныя падзеі Зельвеншчыны, Гродзеншчыны, Беларусі. Займае актыўную пазіцыю ў пытаннях асвятлення жыцця грамадства, захоўваючы беражлівае стаўленне да слова, уменне разгледзець у штодзённай інфармацыі імклівы рух жыцця”, – адзначаецца ў віншаванні.

Асаблівае значэнне мае сацыяльная накіраванасць матэрыялаў. Праблемы эканомікі, павышэння эфектыўнасці вытворчасці, адукацыі, аховы здароўя, патрыятычнага выхавання, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей, беражлівых адносін да зямлі разглядаюцца ўдумліва, з любоўю да роднага краю, з павагай да землякоў.

Газета актыўна ўдзельнічае ва ўсіх абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсах, неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі, ганаровымі граматамі. Стала пераможцам аднаго з першых Нацыянальных конкурсаў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі ”Залатая Літара“ ў намінацыі ”Лепшы творчы праект года рэгіянальных СМІ“.

Міністр падзякаваў калектыву выдання за нястомную працу, праўдзівае і своечасовае асвятленне жыцця рэгіёна, суайчыннікаў.

Аляксандр Карлюкевіч пажадаў супрацоўнікам газеты новых выдатных творчых дасягненняў, добрага здароўя, дабрабыту, нязменнай адданасці чытачоў.

Опубликовано:
Просмотров:
856