Георгій Марчук: Лепш рэальнасці нічога не прыдумаеш

Георгій Марчук: Лепш рэальнасці нічога не прыдумаеш

Твор, здольны забяспечыць адчуванне навізны. Такая характарыстыка, датычная новага рамана Георгія Марчука, будзе правільнай адно таму, што ён мае самае непасрэднае дачыненне да сацыяльных працэсаў і змен у структуры грамадства, якія адбываліся на працягу двух дзесяцігоддзяў у новай Беларусі і... з новай Беларуссю. Якраз яна, маладая дзяржава з  усімі характэрнымі для маладосці асаблівасцямі, і ёсць галоўная гераіня твора. Ці адна з галоўных. Бо сапраўдныя гаспадары рамана  — яго персанажы ў антуражы часу. Ды яшчэ, безумоўна, пазіцыя аўтара. Пра пазіцыю, вядома ж, наўрад ці хтосьці можа сказаць больш дакладна, чым сам аўтар. Такім чынам, гэтым разам мой суразмоўца — празаік, драматург, лаўрэат прэстыжных літаратурных прэмій Георгій Марчук.

— Наколькі я памятаю, Георгій Васільевіч, вы зацвердзіліся ў  літаратуры цыклам раманаў пра Палессе. Цяпер у снежаньскім нумары «Полымя» друкуецца беларускамоўны часопісны варыянт вашага новага рамана. Атрымліваецца, што паміж палескім цыклам і «Мокрым снегам» — паўза амаль у дваццаць гадоў! Чаму так сталася?

— Упэўнены, гэта воля Божая. Тое, пра што хацеў распавесці чытачам, я выказаў у ХХ стагоддзі ў сваіх васьмі раманах, якія, да маёй радасці, карыстаюцца цікавасцю чытачоў і ў нашы дні. Значыць, здолеў адкрыць у іх штосьці новае, сваё, асабістае… Найперш маю на ўвазе ўласны аўтарскі погляд на сэнс быцця і жыцця чалавека, на гісторыю маёй радзімы. Часам гартаю раманы і сам дзіўлюся: як удавалася ў маладыя гады вось так сур’ёзна думаць і так адказна ставіцца да слова.

— Згодная. Напрыклад, раман «Кветкі правінцыі»… Праўдзіва, назіральна. З пранізлівай нотай патрыятызму і любові да малой радзімы, да яе людзей.

— Дзякуй за добрыя словы. Там мае тэмы, мае сюжэты, мае героі… Мне было трыццаць гадоў. Я ніколі і ні ў кога не пераймаў… Але ж вучыўся: у Івана Пташнікава, Уладзіміра Адамчыка, Уладзіслава Рэйманта. Імкнуўся выказаць свой погляд на свет, на грамадства, на сэнсы быцця чалавека, на яго таямніцу.

— Ніколі не хацелася адступіць ад традыцыйнай формы?

— Не. Разумееце, не стаўлю мэтай абавязкова агаломшыць чытача, правакаваць формай і таму падобнае. Я рэаліст. Між іншым, вядомыя ў свеце імёны зарабілі гэтыя імёны, тобок вядомасць, стварылі найлепшыя свае творы менавіта ў рэалістычнай літаратуры. Гэта немцы браты Ман, французы Бальзак, Морыц, палякі Сянкевіч, Рэймант, рускія Горкі, Чэхаў, Талстой, Дастаеўскі, Распуцін, украінцы Франко, Стэфанік, беларусы Мележ, Быкаў, Гарэцкі, Колас, Пташнікаў, Адамчык... Іх творы па-ранейшаму выклікаюць цікавасць і, упэўнены, будуць выклікаць! Таму што час у іх і чалавек у гэтым часе апісаныя сапраўды таленавіта!

Так. Я рэаліст. І кажу пра гэта з гонарам. Прадстаўнікі майго пакалення —прыхільнікі рэалізму Алесь Жук, Генрых Далідовіч, Уладзімір Саламаха — стварылі знакавыя творы.

— Аднак цяжка не заўважыць, што спектр густаў і ракурс увагі маладога пакалення скіраваны крыху ў іншую плоскасць…

— Маеце рацыю. Мода на постмадэрнізм (дагэтуль толкам не ведаю, што гэта), non-фікшн, фэнтэзі… Скажэнне гісторыі нават... Што тут сказаць? Бадай толькі адно: маладыя павінны прайсці праз гэта! Заходні чытач ад такой аднастайнасці стаміўся. Надакучылі бясконцыя касмічныя войны, катастрофы і агрэсіўныя прышэльцы ўжо, па-мойму, і расійскаму чытачу. Думаю, мы, так бы мовіць, да іх у хуткім часе таксама далучымся…

— З гэтага вынікае, што ваш новы раман «Мокры снег» створаны таксама ў рэалістычнай манеры. Пра што ён, з аўтарскага пункту гледжання?

— Усё пра тое ж... Пра чалавека, яго выбар паміж дабром і злом, яго ўнутраны свет. Пра супярэчнасці і самасцвярджэнне.

— Раман пра сучаснасць…

— Так. Дзеянне адбываецца менавіта ў нашы дні.

— Цікава. У чымсьці нават рызыкоўна: у адрозненне ад гістарычнага персанажа з літаратурным партрэтам свайго сучасніка трэба абыходзіцца больш далікатна. Не кажучы ўжо пра іншыя нюансы.

— Менавіта ж! Доўга я прыглядаўся да працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве. За дваццаць гадоў — шмат змен у палітыцы, эканоміцы, духоўнай сферы. Вырашыў напісаць пра тое, што ведаю больш дакладна. Месца дзеяння — Мінск, героі — прадстаўнікі інтэлігенцыі. Гэта акцёры, музыканты, бібліятэкар, філосаф, драматург... Хто, як не інтэлігенцыя, вызначае духоўны ўзровень у грамадстве! Мае героі імкнуцца разабрацца ў сабе і ўсвядоміць уласнае месца ў новым жыцці.

Дарэчы, адмоўных персанажаў, носьбітаў зла ў рамане няма. Ёсць грэшныя людзі. Кожны па-свойму супраціўляецца абыякавасці, зламыснасці. Ёсць шмат спрэчак пра тое, як жыць, дзеля чаго жыць. У герояў розныя пункты гледжання, і ўрэшце чытач выбірае, хто яму бліжэй... Ёсць і маладыя людзі. Таму раман адрасую шырокаму колу чытачоў.

— Вы так часта ўжываеце слова «герой», што не магу не запытацца: які ён, сучасны герой, з вашага пункту гледжання? Дарэчы, калі ўкласці ў гэтае слова яшчэ адзін, больш маштабны, сэнс: сучасны герой увогуле здатны быць героем?

— Паняцце «сучасны герой», як па мне, не вельмі актуальнае. Ёсць гераічныя ўчынкі — напрыклад, пры выкананні службовага абавязку. Героі гэтыя людзі? Так. Я не раз казаў, што дастаткова мець сумленне, не здраджваць сваім ідэалам, і  ўжо толькі дзякуючы гэтаму ты можаш адчуваць сябе ў чымсьці героем. Ці не так?

— Не надта пафасна?

— Не думаю. Больш за тое, перакананы: пераадольваць у  сабе імкненне да граху, зайздрасць, непрыязнасць да людзей  — таксама геройскія ўчынкі! Эпіграфам да свайго новага рамана я ўзяў словы Хрыста: «Каб вы любілі адзін аднаго...». Любоў — крыніца радасці і шчасця. Яе шукаюць і героі майго рамана.

— Калі не сакрэт, ці ёсць прататыпы?

— Зрэшты, у вобразе пісьменніка скарыстаў некаторыя рысы характару і светапогляд майго старэйшага калегі. Выкарыстоўваю сінтэз. Увесь сюжэт завязаны на некаторых жыццёвых фактах, але я іх па-мастацку інтэрпрэтую. Літаратура ідзе ад жыцця, лепш рэальнасці нічога не прыдумаеш.

— Не пытаюся, ці спадзеяцеся на ўвагу чытача. Лепш спытаюся, чым спадзеяцеся яго здзівіць? Што, па вашым меркаванні, найперш важна?

— Праўда пачуццяў, пераканаўчая логіка паводзін… і  думкі… думкі! Вядома, разлічваю на ўзаемаразуменне. Нейкая велізарная, амаль касмічная, ідэя — назавём гэта так, — якая разгадвае таямніцы чалавека, спадарожнічае кожнаму важкаму твору літаратуры. Хачу верыць, мяне пачуюць.

— Можа, пасля вашага вяртання да жанру рамана з’явіліся новыя планы ў гэтым кірунку?

— Адгадалі. Усё ахапіць у адным рамане цяжка. Днямі завяршыў новы раман пад назвай «Першыя ландышы». Таксама пра Мінск і мінчукоў. Атрымалася дылогія. І я напоўніцу адчуваю забытае задавальненне ад працы над раманам...

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ЛіМ.

Опубликовано:
Просмотров:
834