Гісторыі валанцёраў II Еўрапейскіх гульняў на старонках "Звязды"

Гісторыі валанцёраў II Еўрапейскіх гульняў на старонках "Звязды"

Велізарны дэсант добраахвотнікаў для работы на мультыспартыўным турніры арганізатары Гульняў набіралі і навучалі каля двух гадоў. Валанцёрская праграма ІІ Еўрапейскіх гульняў была запушчана яшчэ ў верасні 2017-га. Да красавіка гэтага года было сабрана 24 168 заявак са 106 краін свету, з іх адабралі 8000 найлепшых, гэта значыць, кожнага трэцяга. Усе валанцёры прайшлі навучанне, цяпер яны працуюць па 34 кірунках: хтосьці кантралюе парадак на спартыўных арэнах, нехта дапамагае турыстам на вуліцах, хтосьці забаўляе гасцей у фан-зонах, а хтосьці працуе з прэсай... Як, напрыклад, Настасся Дышлевіч і Наталля Залеўская, якія расказалі свае гісторыі карэспандэнтам «Звязды».

Спачатку дзяўчаты працавалі ў прэс-цэнтры на «Палова-Арэне». Калі баскетбольная праграма на Гульнях скончылася, яны адправіліся ў Заслаўе, дзе ўсялякімі намаганнямі спрабавалі палегчыць работу беларускім і замежным прадстаўнікам СМІ.

Настасся вучыцца ў БДУ на філалагічным факультэце і вывучае рускую, беларускую і польскую мовы. «Я займаюся валанцёрствам даўно, — расказвае дзяўчына. — Памятаю, калі быў чэмпіянат свету па хакеі, мне было ўсяго 14 гадоў, разумела, што яшчэ занадта малая для такога вялікага спартыўнага мерапрыемства, а вось цяпер, як толькі ўбачыла, што набіраюць валанцёраў для Еўрапейскіх гульняў, зразумела — гэта мой шанц».

А вось для Наталлі валанцёрскі вопыт першы, яна вывучае ў МДЛУ замежныя мовы — англійскую і іспанскую. «Як толькі з'явілася першая інфармацыя пра Еўрапейскія гульні і пра тое, што яны пройдуць у Мінску, у мяне адразу паўстала жаданне прыняць удзел у іх, але тады яшчэ не было тэхнічнай магчымасці зарэгістравацца, — успамінае Наталля. — Калі пачаўся набор, падала заяўку, бо ведала, што гэта будзе адназначна нешта маштабнае, яркае. Чаму б не стаць часткай такой каманды?»

Дзяўчаты адзначаюць, што яшчэ на этапе кастынгу ў іх узнікла жаданне працаваць менавіта ў прэс-цэнтры. «Для мяне было важна працаваць менавіта на гэтай пазіцыі, таму што ў мяне ўжо быў досвед работы ў прэс-цэнтры на чэмпіянаце свету па баскетболе летась», — адзначае Настасся. А Наталля кажа, што не думала, на якой пазіцыі хацела б працаваць, да таго моманту, пакуль не даведалася, што ёсць магчымасць працаваць з прадстаўнікамі СМІ. «Па вучобе мая спецыялізацыя — піяр, таму захацелася на практыцы паспрабаваць, што гэта такое. Валанцёрства — гэта шыкоўны вопыт для будучыні, магчымасць зразумець, тваё гэта ці не, адчуць, наколькі важна ўзаемадзеянне з прэсай і спартсменамі ў маёй прафесіі, зразумець, як жыва тут і дынамічна».

Дзяўчаты расказваюць, што валанцёры пастаянна мяняюцца пазіцыямі ў рамках свайго кірунку, што дазваляе ім паспрабаваць сябе ў розных спецыялізацыях. Гэта дапамагае з розных бакоў прачуць, як арганізавана маштабнае мерапрыемства. «Збоку здаецца, што гэта так проста, а на самай справе — велізарная праца менеджараў і ўсіх валанцёраў», — адзначае Настасся.

Студэнткі кажуць, што падчас навучання іх увагу звярталі перш за ўсё на тое, што першарадная задача валанцёра — дапамагаць. Не зацыклівацца на канкрэтнай пазіцыі, а быць валанцёрам з усіх бакоў і заўсёды. «Нават калі ты не ў час сваёй змены ідзеш па вуліцы ў форме і да цябе звяртаюцца, ты павінен адказаць», — заўважае Наталля.

«Таксама ў працэсе навучання мы вельмі шмат часу надавалі ўдасканаленню ведаў англійскай мовы, у нас былі вялізныя тэсты на 400 пытанняў і цяжкія трэнінгі, — дадае Настасся. — Толькі пасля гэтага сапраўды зразумелі, што гатовыя да работы на такім турніры».

Дзяўчаты адзначаюць, што ў асноўным журналісты звяртаюцца да іх з пытаннямі пра тое, як падключыць інтэрнэт або як прайсці на прэс-трыбуну. «Таксама нам абавязкова трэба своечасова прыносіць пратаколы спаборніцтваў, каб журналісты ведалі вынікі матчаў ці заездаў. Мы сочым за фотапазіцыямі і за работай СМІ ў мікст-зоне, дапамагаем арганізаваць інтэрв'ю», — расказвае Насця.

Наталля і Настасся сцвярджаюць, што валанцёрства зацягвае, таму гэты турнір для іх дакладна не стане апошнім. «Магчыма, мы нават захочам паехаць на Алімпіяду ў Токіа», — дзеліцца Наталля. «Бо валанцёрства — выдатны шанц пазнаёміцца з новымі людзьмі, новымі культурамі, паглядзець, як арганізаваны, здавалася б, тыя ж самыя мерапрыемствы, але ў іншых краінах. Гэта дазваляе вучыцца і развівацца далей», — рэзюмуе Настасся.


Опубликовано:
Просмотров:
1 408