Году малой радзімы прысвечана кніга «Маршруты беларускага турызму» Івана Лакоткі

Году малой радзімы прысвечана кніга «Маршруты беларускага турызму» Івана Лакоткі

Ідэя малой радзімы складае галоўны сэнс кнігі Івана Лакоткі «Маршруты беларускага турызму: гісторыка-культурныя ландшафты Беларусі», што выйшла ў Выдавецкім доме «Беларуская навука». Выданне прымеркавана да Года малой радзімы і расказвае пра вандроўкі па малых мястэчках, вёсках нашай краіны. Канцэпцыя яго заснаваная на разглядзе лакальна-рэкрэацыйных зон гістарычных мясцін. У ім апавядаецца пра помнікі гісторыі і культуры, аграсядзібы, прыродацэнныя тэрыторыі і розныя турыстычныя маршруты: водныя, пешыя, экалагічныя. Пазначаны цэнтры народнай творчасці, фальклорныя цэнтры і асяродкі народных абрадавых традыцый.

Зразумела, што госць з замежжа за колькі гадзін экскурсіі можа і не адчуць сапраўдны дух той ці іншай мясціны. Крыху болей шанцаў на спасціжэнне яе глыбіннай сутнасці з’явіцца ў тым выпадку, калі пра ўсё гэта ён прачытае загадзя. Таму аўтар удзяліў асаблівую ўвагу захаванню мясцовай тапанімікі і міфалогіі. Многія з лакальна-рэкрэацыйных зон маюць гістарычныя назвы, да якіх «прывязаны» цікавыя аповеды. Некаторым мясцінам аўтар даў свае назвы, абапіраючыся на ўласцівыя ім яркія рысы.

У кнізе падаецца спіс найбольш каштоўных помнікаў культуры. Іх каля тысячы: гэта помнікі архітэктуры, сядзібна-паркавага мастацтва, народнага аўтэнтычнага дойлідства.

Выданне забяспечана багатым ілюстрацыйным матэрыялам. 27 лакальных раёнаў праілюстраваны картамі, дзе пазначаны гісторыкакультурныя і прыродацэнныя асаблівасці.

Кніга ўяўляе сабой плён дзейнасці аўтара пачынаючы з 1970-х гадоў. Скончыўшы навучанне на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута, папрацаваўшы праекціроўшчыкам у майстэрні народнага архітэктара СССР Георгія Загорскага, Іван Лакотка быў уключаны ў працоўную групу па стварэнні музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. З тых часоў ён пабываў ва ўсіх раёнах Беларусі: рабіў здымкі, запісы, замалёўкі, чарцяжы. Многія з сабраных ім матэрыялаў увайшлі ў кнігу.

З часам робіцца зразумелым, што кожны мусіць прыкласці намаганні, каб месца, дзе ён нарадзіўся, хоць у чымсьці сталася лепшым. Каб чалавек адчуваў асабістую адказнасць за сваю малую радзіму. Вельмі важна, каб гэтыя раёны развіваліся эканамічна, каб не з’язджалі ў гарады іх жыхары, каб у душах людзей захоўвалася любоў да бацькоўскага дома, жаданне працягнуць традыцыі... Задача, пастаўленая аўтарам, маштабная: паказаць глыбіню і змястоўнасць ідэі малой радзімы. І кніга Івана Лакоткі ўдала працуе на гэтую ідэю.

Опубликовано:
Просмотров:
1 878
Направления:
Тематика: