Гранічная шчырасць люстэркавых вершаў

Гранічная шчырасць люстэркавых вершаў

У многіх аўтараў час ад часу запытваюцца пра тое, якім быў іх першы верш, як яны яго пісалі і чаму ўвогуле вырашылі напісаць. Можна лічыць, што момант, калі паэзія ўваходзіць у жыццё чалавека, становіцца вызначальным для далейшага шляху, у пэўным сэнсе прадказвае творчы лёс. Але, здаецца, далёка не для ўсіх момант напісання першага верша варта лічыць нечым значным.

Працэс знаёмства і  ўзаемапранікнення паэзіі і чалавека можа расцягнуцца на доўгія гады і рыхтаваць шмат заўважных змен у жыцці: пераезд у іншы горад, знаёмства з калегамі і настаўнікамі, нязвыклыя абставіны і першае прызнанне. Цяжка сказаць, ці скончыўся гэты перыяд творчага юнацтва для Вольгі Нікіценкі, але адназначна зразумела, што ён быў плённы. Апошні яго вынік — уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы дэбют» за кнігу «Сузор’е птушкі». «ЛіМ» вырашыў даведацца ў паэткі, як яна глядзіць на свет праз прызму сваёй творчасці.

— Раскажы, калі ласка, пра тое, як ты ўсвядоміла сябе паэткай, як зразумела, што хочаш займацца літаратурай?

— Калі ў 9 класе я ўдзельнічала ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, то адчула неверагодную любоў да роднага слова. Асабліва захапілася тым, як пранікнёна і меладычна гучаць вершы, напісаныя па-беларуску. У мяне ўзнікла жаданне паспрабаваць сябе ў паэтычным рэчышчы і пачаць ствараць уласныя вершы на беларускай мове. А потым я зразумела, што адшукала тую справу, якой бы хацела прысвяціць жыццё. Менавіта літаратурная творчасць дазваляе мне раскрыцца ў поўнай меры, адчуць, што я сапраўды магу данесці да людзей тое, што мяне хвалюе.

— Ці ёсць сярод тваіх вершаў асабліва любімыя для цябе?

— Так. Некаторыя з іх — гэта вершы, дзякуючы якім мяне заўважылі дасведчаныя пісьменнікі, а таксама тыя, якія асабліва палюбіліся маім чытачам. Можна сказаць, што для мяне гэта знакавыя творы. Напрыклад, «Чытай верш», «Паэтэса», «Мой дом, бывай!». Ёсць і  вершы, якія не набылі такой вядомасці, аднак яны важныя асабіста для мяне. Лічу ўдалым верш «Уваходжу ў твой край, восень…», бо ў ім у мяне атрымалася выразна перадаць усе фарбы і настроі, якія жадала ўкласці. З вершам «Лістападаўскіх поўняў вяла адлік» звязана незабыўная гісторыя з майго жыцця.

— Як ты лічыш, што прынцыпова адрознівае добрыя вершы ад дрэнных?

— У добрых вершах праглядаецца асоба аўтара, яго вопыт і адметнае светабачанне, тым часам як дрэнныя  — гэта наборы штампаваных метафар і зваротаў. Гэта чарговыя рыфмаваныя пераказы чужых думак. У  такіх вершах заўважна, што аўтар нават не стараўся папрацаваць над творам, каб у ім з’явіліся ўласныя творчыя знаходкі. Часта ў гэтых вершах таксама недасканалыя і рыфма, і рытмічны малюнак.

— Якую крытычную заўвагу ты найчасцей чула ад тых, хто ацэньвае твае вершы?

— Даволі часта мяне дакараюць у тым, што мае вершы па-юнацку наіўныя. Ёсць і творы, якія называюць занадта дарослымі для дзяўчыны маіх гадоў. Так ці інакш, крытыкі ацэньваюць маю творчасць праз прызму ўзросту. Мне падаецца, што гэта не заўсёды правільна, бо галоўнае — тое, як сябе ўсведамляе сам чалавек. Змяняюцца думкі, настроі, погляды на свет, і гэта адлюстроўваецца ў вершах. Адзінае, што магу сказаць, — я пішу гранічна шчыра, і ў творчасці адбіваецца тое, што я сапраўды адчуваю на дадзены момант.

— Ці ёсць нешта, чаго табе самой не хапае ва ўласнай творчасці?

— Думаю, што пакуль мне не хапае вопыту. Я паступова намацоўваю свой шлях, але пакуль што ў мяне няма той прафесійнай творчай смеласці, якая прыходзіць з часам, і выпрацаванага аўтарскага почырку. Упэўнена, што праз колькі гадоў пры належным старанні я здолею гэтага дамагчыся.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ЛіМ.

Опубликовано:
Просмотров:
899