Ігар Ганчарук: «Няма межаў для дасканаласці»

Ігар Ганчарук: «Няма межаў для дасканаласці»

Часопіс «Беларуская думка», заснавальнікам якога сёння з’яўляецца Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 6 мая адзначыў сваё 100-годдзе. За час свайго існавання гэта грамадска-палітычнае і навукова-папулярнае выданне зведала ўплыў і было сведкам розных падзей палітычнага, эканамічнага, культурнага і навуковага маштабу. Аднак калектыў, які яго стварае, заўсёды імкнецца рабіць часопіс той крыніцай інфармацыі, да якой будуць звяртацца людзі, каб атрымаць праўду, пачуць розныя меркаванні і знайсці свае арыенціры. Напяэдадні свята карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з галоўным рэдактарам часопіса Ігарам Ганчаруком, каб распытаць пра сакрэты даўгалецця, прынцыпы ўзаемадзеяння з чытачамі і ацэнку перспектывы на інфармацыйным рынку. 

Гончарук

— Ваша выданне адзначае свой векавы юбілей. Як у наш імклівы і непрадказальны час быць «тоўстым» часопісам з такой гісторыяй?

Безумоўна, святочны настрой адчуваецца, але ў нас ідзе звычайная журналісцкая праца. Зараз мы занятыя падрыхтоўкай пятага-шостага нумара. Такі вось насычаны цікавы кангламерат журналісцкай і даследчыцкай працы. Часопіс наш адметны, таму што ён складаецца з дзвюх частак: грамадска-палітычнай — гэта аўтарскія, журналісцкія матэрыялы нашых супрацоўнікаў, і навуковай, дзе мы публікуем навуковыя працы беларускіх вучоных. Масцітыя аўтары таксама з задавальненнем прыходзяць да нас. Асаблівую ўвагу аказваем нашай навуковай моладзі. Нават калі нейкія работы не зусім дасканалыя, то мы стараемся агульнымі намаганнямі падрыхтаваць іх да друку, каб даць іх аўтарам дарогу ў навуковы свет. І я, напэўна, не памылюся, калі скажу, што абсалютная большасць вядомых беларускіх вучоных (па тых напрамках, па якіх мы публікуем навуковыя работы), абавязкова або публікуюцца цяпер, або фігурыравалі раней на старонках «Беларускай думкі». 

Наш часопіс акрэдытаваны Вышэйшай атыстацыйнай камісіяй па шасці навуковых напрамках: палітыка, эканоміка, сацыялогія, гісторыя, філасофія, філалогія. Таму друкуем матэрыялы, якія маюць дачыненне да гэтых сфер. А сферы, самі бачыце, — усе вельмі важныя. У Год гістарычнай памяці мы шчыльна супрацоўнічаем з нашымі гісторыкамі, даследчыкамі. Сумесна з міністэрствам юстыцыі пачалі вялікі праект «Па праве памяці», дзе з дапамогай супрацоўнікаў архіваў, вучоных-даследчыкаў расказваем пра тыя зверствы, што тварылі фашысцкія захопнікі на беларускай зямлі падчас Вялікай Айчыннай вайны, пра генацыд беларускага народа. І, ведаеце, эксклюзіўныя матэрыялы атрымліваем, якія яшчэ не публікаваліся. Мы падыходзім да падрыхтоўкі такіх публікацый вельмі грунтоўна. Калі нашы суразмоўцы нешта сцвярджаюць, то гэта абавязкова мае яшчэ і дакументальныя пацверджанні ў выглядзе фатаграфій, дакументаў. 

Настрой рабочы, але ад усведамлення, што «Беларускай думцы» 100 гадоў, радасна. Гісторыя ў выдання сапраўды вельмі вялікая, і часопіс наш перажываў розныя часы. Пачатак 90-х, напрыклад, быў для яго, як і для краіны, вельмі складаным перыядам. Там ужо стаяла пытанне: быць ці не быць. Але дзякуючы былому галоўнаму рэдактару часопіса «Комунист Беларуссии» (так раней называлася выданне, мы яго пераемнікі), Уладзіміру Паўлавічу Вялічку і яго асабістым намаганням часопіс выжыў. Тады з’явілася і назва «Беларуская думка», пад якой мы выходзім да сёння. І мы рухаемся далей. Адзінае, што магу сказаць, як нашы папярэднікі, так і мы імкнёмся сваю працу рабіць добрасумленна, з разуменнем адказнай місіі, якая на нас ускладзена сёння. 

000019_1651759638_499903_big_0.jpg

— А як Вы ўспрынялі прапанову ўзначаліць «Беларускую думку»?

— Я сам радыйшчык, пачынаў працу ў журналістыцы на радыё, таму ніколі ў сваім жыцці нават не думаў, што буду ў газеце працаваць, не кажучы ўжо пра часопіс. Ніколі пра гэта не думаў і не марыў. Але, калі атрымаў прапанову ўзначаліць выданне, то пагадзіўся. Прызнаюся, нават падумаў, што можа прасцей і спакайней мне тут будзе, чым у газеце. Аднак усе мае ілюзіі разбіліся адразу ж. Бо, нягледзячы на тое, што часопіс выходзіць адзін раз на месяц, але зрабіць сто з лішнім старонак сіламі невялікага калектыву і каб прадукт быў на ўзроўні — задача досыць складаная. Таму я не магу сказаць, быццам расслабіўся і маю нейкія прэферэнцыі. Быць рэдактарам — гэта штодзённая, карпатлівая праца. Я шмат усяго для сябе адкрыў і штораз маю магчымасць вучыцца нечаму новаму. Кожны матэрыял мы з камандай рыхтуем з пільнай адказнасцю за кожнае слова, грунтоўна падыходзячы да распрацоўкі і падачы тэм. А наколькі спраўляемся — пра тое лепш меркаваць нашым чытачам. 

— Як кіраўнік, якіх прынцыпаў Вы прытрымліваецеся ў працы?

— Мяне заўсёды больш хвалюе першая частка — грамадска-палітычная, дзе змяшчаем аўтарскія, журналісцкія матэрыялы. Што тычыцца адлюстравання грамадска-палітычнага жыцця, то тут хочацца, каб мы былі сучаснымі, каб пісалі матэрыялы даступнай мовай і даносілі важныя сэнсы да чытача. У нас павінны быць свежыя думкі, цікавыя суразмоўцы, эксперты з актуальнымі поглядамі на тую ці іншую праблему. Важна, каб прысутнічала і пазіцыя журналіста. Таму я заўсёды патрабую, каб творчыя супрацоўнікі ўвесь час былі ў няспынным пошуку цікавых людзей, злабадзённых тэм. І калі здарыцца сітуацыя, што журналіст прыйдзе і скажа, быццам не атрымалася нешта, то гэта не віна яго суразмоўцаў, а толькі недапрацоўка аўтара, які не здолеў разгаварыць, раскрыць альбо не змог напісаць як след. У нашым часопісе заўсёды працавалі на прынцыпах сумленнасці, патрыятызму і навуковага падыходу. І мы таксама імкнёмся ўнесці сваю лепту ў тое, каб наша краіна і надалей паспяхова развівалася і адчувала сябе годна. 

— Ці ёсць зваротная сувязь ад аўдыторыі сёння і якія высновы з гэтага можна зрабіць?

— Зваротную сувязь маем. Існуе пэўнае кола чытачоў, якія даўно чытаюць наш часопіс і пасля выхаду кожнага нумара лічаць сваім абавязкам патэлефанаваць у рэдакцыю, каб падзякаваць, выказаць свае заўвагі ці прапановы. І я за гэта вельмі ўдзячны людзям. Сярод іх вельмі паважаныя мною асобы, аўтарытэты ў навуцы і ў грамадстве. Пэўныя высновы пра стан спраў я раблю і абапіраючыся на асабістыя нейкія назіранні. Манітору сітуацыю ў кніжных крамах, каб разумець як ідуць продажы часопіса. У камандзіроўках нашы супрацоўнікі наведваюць розныя ўстановы і цікавяцца там у людзей, ці ёсць у іх наша выданне і што чытаюць. Таксама робім маніторынг бібліятэк, таму што, як паказала ўжо практыка і асабістыя назіранні, наш часопіс вельмі запатрабаваны менавіта там. Бо людзі, можа і не маюць магчымасці падпісацца ці набыць, але часам тэлефануюць і запытваюць, як знайсці той ці іншы артыкул. 

— Павялічыць тыраж ці зрабіць платны доступ да інтэрнет-версіі — гэта не выйсце?

— Запыт на «Беларускую думку» ёсць, але не на кожны нумар ён аднолькава высокі. І вось гэтая непрадказальнасць і дае падставы для сумневаў. Таму ўсё ж такі мы разлічваем на нашу мэтаваю аўдыторыю. У бібліятэках, напрыклад, заўсёды нават па знешнім выглядзе часопіса заўважна, што нумар актыўна гартаюць і чытаюць.Таму, бывае, мы ідзем людзям насустрач і pdf-старонкі дасылаем. Бо наша аўдыторыя — гэта і навукоўцы, асабліва маладыя, для якіх наша інфармацыя, па-першае, для працы патрэбна, а, па-другое, надрукавацца ў агульнарэспубліканскім часопісе, які ў рэйтынгу нашага ВАКа займае досыць высокія пазіцыі, — гэта і прэстыжна. Плюс мы выплачваем ганарары за навуковыя працы, што ўсіх здзіўляе. Таму, што тычыцца прадастаўлення матэрыялаў на платнай аснове, то гэта тэма, над якой можна падумаць на перспектыву. 

— Што ў вас зараз з прысутнасцю ў інтэрнэце?

— Трэба над гэтым працаваць. Мы выкладаем усе артыкулы нашага часопіса з анатацыямі. А праз паўтара-два месяцы ўжо адкрываем доступ да матэрыялаў. Робім так з разлікам на тое, каб і папяровую версію куплялі і часопіс рэалізоўваўся ў рознічным продажы. А калі каму патрэбна зусім тэрмінова здабыць доступ, то людзі заўсёды знойдуць выйсце. Што датычыцца прасоўвання, прамаціравання, то тут, відаць, варта нам на мэтавыя аўдыторыі арыентавацца. Бо зразумела, што моладзь зараз друкаваныя сродкі масавай інфармацыі мала чытае. А з прыкладнога пункту гледжання, можа, той прысутнасці ў інтэрнэце, якую мы маем, для часопіса і дастаткова. Мы працуем і над тым, каб трапіць у рэйтынгі навуковага цытавання, у прыватнасці ў расійскі РІНЦ. Думаю, можа ў маі гэта ўжо ажыццявім.

— Якім Вы ўяўляеце сёння чытача «Беларускай думкі»?

— Чалавекам разумным і думаючым, які разважае, шукае глыбіні зместу. Мы тут на пачатку года друкавалі вынікі сацыялагічнага даследавання Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі і аказваецца, штодня кожны чацвёрты беларус бярэ ў рукі кнігу — гэта 25 %. Не так і дрэнна. Я сам у метро часам заўважаю людзей з кнігай у руках, асабліва ў выхадныя дні. Таму ў нас у гэтым сэнсе ёсць пэўная надзея, што друкаваная версія часопіса будзе запатрабаванай і надалей. Адзінае, што і нам трэба прыкладаць для гэтага намаганні: каб змест паляпшаўся, бо няма межаў для дасканаласці.

— Наколькі зараз патрэбная вашаму выданню шматпалярнасць меркаванняў?

— Нам прыходзяць лісты ад навукоўцаў і з іншых краін — з Расіі, Азербайджана і іншых з просьбай надрукаваць навуковыя працы. Але мы «Беларуская думка» і сыходзім з таго, што найперш трэба аддаваць перавагу тым матэрыялам, якія расказваюць пра Беларусь. Калі гэта ёсць, то такія працы мы разглядаем. Вядома, наводзім даведкі пра аўтара. Думаю, калі мы ўвойдзем у расійскі рэйтынг цытавання, то да нас будзе яшчэ больш цікавасці. Аднак варта разумець, што тэматыка таксама абмяжоўвае нас. Мы ж не пра медыцыну пішам. А калі гаворым пра філасофію, то трэба ўлічваць, што беларуская філасофская думка мае свае асаблівасці. І таму расповед пра іншыя краіны і падыходы будзе выбівацца з кантэксту. Хаця ў матэрыялах у нас «гучаць» розныя эксперты, ў тым ліку з іншых краін. Калі казаць пра шматпалярнасць меркаванняў, то ў нас рэгулярна і актыўна практыкуюцца дыскусійныя пляцоўкі. Падымаем на старонках часопіса досыць вострыя палітычныя і сацыяльныя праблемы і тэмы. У выніку атрымліваем часам вельмі нават спрэчныя меркаванні па тым ці іншым пытанні. 

— Як Вам здаецца, хто сёння і ў бліжэйшай перспектыве будзе і застанецца лідарам інфармацыйнага рынку?

— Безумоўным лідарам на беларускім рынку ёсць і будзе БелТА. (Смяецца). Зараз ніводны салідны медыйны холдынг не карыстаецца толькі адным сродкам данясення інфармацыі — часопісам, сайтам ці сацыяльнымі сеткамі. Таму, мяркую, найперш чытач пацягнецца да таго, хто ў гонцы за інфармацыяй здолее першым пераканаўча ўздзейнічаць на аўдыторыю ўсімі сродкамі, якія ў яго ёсць. Лідарам стане той, хто першым закладзе чытачу, слухачу свой інфармацыйны пасыл. Бо, як мне задаецца, да другіх, трэціх крыніц узровень даверу ўжо не настолькі высокі. І ім, не кажучы пра іншых, трэба прыкласці больш высілкаў, каб пераканаць аўдыторыю. 

Зараз ідзе інфармацыйная вайна. Я сам чытаю шмат крыніц і назіраю пры гэтым такі разбег у думках і ў сутнасці самой інфармацыі, што разумею: нават чалавеку досыць адукаванаму і дасведчанаму вельмі цяжка не заблытацца і зарыентавацца. Таму вельмі важна дбаць пра тое, каб давер да дзяржаўных СМІ павышаўся, і каб мы рабілі ўсё ад нас залежнае дзеля гэтага. Як будзе давер, то і чытач не сыдзе, нават калі мы недзе крыху і спознімся. Бо галоўнае — праўда на нашым баку. Не думаю, што часопісы, кшталту нашага, будуць лідарамі. Мы не можам прэтэндаваць на такія пазіцыі хаця б у сілу таго, што выходзім толькі раз на месяц. Але тое, што мы можам закладваць у чалавеку і фарміраваць у ім нейкія глыбінныя пазіцыі, уздзейнічаць на яго душу і розум і падмацоўваць і зацэментоўваць тое, што ўжо ў ім сфарміравана, гэта напэўна наша роля. І, паўтаруся, рабіць тое мы стараемся доказна і пераканаўча. 

Алена Драпко

Фота з архіва Ігара Ганчарука

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
250