Імгненні, спыненыя ў вечнасці

Імгненні, спыненыя ў вечнасці

Дакрануцца да прыгажосці запрашаюць здымкі, прэзентаваныя ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Фотакніга Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой» — нібы спыненыя ў бясконцай плыні часу імгненні, зафіксаваныя ўмелымі рукамі майстра. Як гэта важна — знайсці патрэбны ракурс, «злавіць» адценні каляровай гамы, што праз секунду зменіцца, — і перадаць праз аб’ектыў камеры, пакінуць для таго, каб і іншыя адчулі непаўторную прыгажосць роднай зямлі...

Кропелька вады, што падае, — імгненне, а ў ёй адлюстроўваецца вясёлкавая шматколернасць зямлі і неба... Усмешкі на дзіцячых тварах — а колькі ў іх захаплення жыццём, маладой радасці існавання!

Здымкі Уладзіслава Цыдзіка і Яўгена Пясецкага аздобілі зборнік паэзіі і прозы «Мая Радзіма» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда»), куды ўвайшлі творы сучасных беларускіх аўтараў. Кожны з творцаў асэнсоўвае сваю Бацькаўшчыну, карані, родныя вытокі і прызнаецца ў любові роднаму краю, малой радзіме. Лірыка, прадстаўленая на старонках выдання, прасякнута і высокім грамадзянскім пафасам, і цёплым пачуццём еднасці з Айчынай. Празаічныя творы раскрываюць багаты свет перажыванняў радасці і болю, неадлучных ад аўтарскага ўсведамлення сябе грамадзянінам, сынам гэтай зямлі.

Мая Радзіма01.jpg

Укладальнік выдання і аўтар прадмовы – Алена Стэльмах. «Творы пра малую радзіму, аб’яднаныя ў адну кнігу, сталі своеасаблівым майстэрскім узорам, пэўным носьбітам адчування шматгалоснай Радзімы — нашай любай, роднай Беларусі», — зазначае пісьменніца. Зборнік быў прэзентаваны ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Арганізатар музычна-літаратурнай імпрэзы – Выдавецкі дом «Звязда».

Фотавыстаўка «Бачу Беларусь такой» чакае наведвальнікаў да 16 лістапада.

Мая Радзіма02.jpg

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
695