Інтэлектуальнае шоу для школьнікаў - на тэлеканале «Беларусь 1»

Інтэлектуальнае шоу для школьнікаў - на тэлеканале «Беларусь 1»

Інтэлектуальнае шоу для школьнікаў «Я знаю» на тэлеканале «Беларусь 1» глядзяць не толькі патэнцыйныя ўдзельнікі, але і тыя, хто даўно скончыў школу. Гэта адбываецца ў многім дзякуючы Георгію Калдуну, які не проста задае пытанні, але разумее і падтрымлівае ўдзельнікаў і разраджае атмасферу трапнымі жартамі. І хоць трэці сезон шоу скончыўся, мы ўсе вельмі чакаем наступны. І пакуль чакаем, паразмаўлялі з Георгіем пра…

Георгій Калдун — музыка, вядучы, акцёр. Мае два музычныя альбомы. Вядзе інтэлектуальнае шоу «Я знаю» на тэлеканале «Беларусь 1». Георгій — лаўрэат мноства музычных конкурсаў. У мінулым годзе стаў суперфіналістам шоу «Х-фактор» (Украіна).

Пра праект «Я знаю»

Праект «Я знаю» прывабіў мяне двума момантамі. Першы — магчымасць працаваць на тэлебачанні і займацца інтэлектуальна-забаўляльным фарматам. Гэта ў нейкай ступені элітная сфера, бо трэба адпавядаць узроўню інтэлектуальнага праекта, падтрымліваць размову з разумнымі людзьмі. Мне гэта падыходзіла з пункту гледжання і фармату, і ўласнага развіцця. Другі момант — гэта праца з дзецьмі і падлеткамі. Магчыма, так адбіваецца тое, што я вырас у сям’і настаўнікаў. З гэтай жа прычыны я больш як дзесяць гадоў езджу ў летнік працаваць хаця б на адну змену.

Я думаю, праект цікавіць тых, хто хоча развівацца і даведвацца пра нешта новае. Гэта не тая перадача, у якой удзельнічаюць з мэтай проста патрапіць на тэлебачанне, паказацца дурнем і сысці пад ціхія смяшкі сваіх аднакласнікаў. Да таго ж, калі дарослыя могуць паўдзельнічаць у вялікай колькасці квізаў, то дзеці не могуць пайсці ўвечары ў рэстаран з кампаніяй сяброў, каб пагуляць у гэтыя гульні.

Падлеткі — вельмі розныя людзі. І трэба быць акуратнымі, бо гэта непрадказальная аўдыторыя, у кожнага свае думкі, свае комплексы, і гэта нармальна. Гульня — стрэсавая сітуацыя, і часам цяжка вывесці некаторых удзельнікаў на дыялог. Па-за камерай мы размаўляем з імі, настройваем на тое, што мы на іх баку, што ў нас няма задачы выявіць іх слабыя месцы. Наша мэта не толькі даведацца, што ў іх галаве ёсць са школьнай праграмы. Яшчэ мы хочам паказаць, што яны ўмеюць размаўляць, разважаць, стасавацца, карыстацца той інфармацыяй, якую маюць, што яны чымсьці цікавяцца, што могуць прыйсці да правільнага адказу праз лагічныя ланцужкі.

Канешне, мы кажам і пра тое, што ўсё ведаць немагчыма і непатрэбна. Ёсць пытанні, на якія адказаў не ведаюць ні яны, ні іх настаўнікі, і ўвогуле мала хто ведае, але мы лічым гэта цікавай інфармацыяй і хочам з імі падзяліцца. Таму ў перадачы ёсць яшчэ і адукацыйная задача: удзельнікі дзеляцца тым, што ведаюць, а мы рыхтуем такія пытанні, на якія цікава даведацца адказ. Наша задача — стварыць утульную атмасферу, вывесці на спакойныя чалавечыя стасункі, а не правесці іспыт па прадмеце.

Я разумею, што падлеткі малодшыя за мяне, але размаўляю з імі як з дарослымі людзьмі. З імі нельга паводзіць паблажліва, бо я працую з досыць эрудзіраванымі ўдзельнікамі, якія часта здзіўляюць тым, колькі ведаў у іх, як яны ўмеюць разважаць, якое ў іх прыгожае і правільнае маўленне.

Інтэрв’ю цалкам — у чэрвеньскім нумары часопіса «Бярозка»

Крыніца - сайт часопіса «Бярозка».

Опубликовано:
Просмотров:
804