Кніга на службе міру

Кніга на службе міру

У горадзе на Няве адкрыўся Х Санкт-Пецярбургскі міжнародны кніжны салон. Вітаючы яго ўдзельнікаў, губернатар Санкт-Пецярбурга Георгій Палтаўчанка назваў гэты горад духоўнай сталіцай Расіі, дзе былі створаныя многія вобразы і сімвалы духоўнага і культурнагы жыцця Расіі і СССР. Сярод тых, хто вітаў удзельнікаў салона, - старшыня заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Вячаслаў Макараў, намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Уладзімір Грыгор’еў, прэзідэнт Расійскага кніжнага саюза Сяргей Сцяпашын, старшыня Цэнтрвыбаркама Расіі Уладзімір Чураў.

Прывітанне ўдзельнікам Х Санкт-Пецярбургскага міжнароднага кніжнага салона ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зачытаў страшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. “Мудрае слова пісьменніка заўсёды было носьбітам сапраўных каштоўнасцяў, мярылам духоўна-маральнага развіцця грамадства, - гаворыцца ў прывітанні. - Няхай 70-годдзе Вялікай Перамогі стане сімвалічнай згадкай пра тое, як важна, каб літаратурныя творы адлюстроўвалі імкненне людзей да міру, вучылі маладое пакаленне патрыятызму і адказнасці за лёс краіны. Духоўная і культурная роднасць народаў Беларусі і Расіі ва ўсе часы была сапраўднай асновай нашага супрацоўніцтва. Усведамленне сваёй далучанасці да агульных каштоўнасцяў, традыцый і ідэалаў дае нам магчымасць заўсёды знаходзіць шляхі да ўзаемаразумення і згоды”.

Дэлегацыя Беларусі на салоне прымае актыўны ўдзел у многіх канферэнцыях, сустрэчах з чытачамі і прэзентацыях кніг. Асаблівае месца ў рабоце кніжнага форуму займае пленарнае паседжанне “Вялікая Перамога вялікай літаратуры”. Само правядзенне гэтага мерапрыемства сведчыць пра тое, што асноўная ідэя – ідэя перамогі справядлівасці і міру – павінна быць пранесена праз гады новымі пакаленнямі, незалежна ад таго, у якой краіне яны жывуць.

Беларусь прадставіла на салоне і “Блакадную кнігу” Алеся Адамовіча і Данііла Граніна, выпушчаную ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Гэта выданне – агульны духоўны набытак Беларусі і Расіі, сумленнае слова аб драматычных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. З хваляваннем удзельнікі адкрыцця салона выслухалі відэазварот да ўсіх, хто цэніць кнігу, вялікага рускага пісьменніка, пісьменніка-франтавіка Данііла Граніна. Яго перакананасць, што духоўнае развіццё свету немагчымае без кнігі, і ёсць настрой самога свята мастацкага слова ў Санкт-Пецярбургу.
Опубликовано:
Просмотров:
247