Кнігавыданне Беларусі ў ІТ-эпоху

Кнігавыданне Беларусі ў ІТ-эпоху

Рэспубліка Беларусь – краіна з традыцыйна высокай кніжнай культурай. У ёй захоўваюць і шануюць кнігу.

У ІТ-эпоху ўвага да праблем кнігавыдання не паслабляецца, а набірае новыя абароты. Назіраюцца яўныя тэндэнцыі, з аднаго боку, да захаванасці нацыянальнай кнігі ў матэрыяльным выглядзе, а з друго­га – да імклівай экспансіі электронных выданняў.

Кніжная вытворчасць Рэспублікі Беларусь характарызуецца раз­настайнасцю прадукцыі і дынамічным развіццём тэхналогій, што выкарыстоўваюцца для яе вытворчасці. За гады суверэнітэту яны істотна змяніліся. ІТ адкрылі новыя магчымасці выпуску друкаванай прадукцыі. Гэта прывяло да кардынальнай перабудовы вытворчага працэсу паліграфічнага прадпрыемства, а да работнікаў і спецыялістаў сталі прад’яўляцца асаблівыя патрабаванні ў асваенні новай тэхнікі. Структурныя змены галіны дыктуюць патрэбу ў выкарыстанні разна­стайных ведаў. Традыцыйная вытворчасць, заснаваная на падзеле пра­цы, знікае. Тэкст, ілюстрацыі, графіка, а зараз ужо і гук і дынамічныя выявы пераважна аб’ядноўваюцца ў мультымедыйным вобразе.

Электронныя выданні складаюць істотную канкурэнцыю кнізе і дынамічна развіваюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Колькасць іх павялічваецца хуткімі тэмпамі. Няспынна ўдасканльваецца якасць та­кой прадукцыі. У сувязі з гэтым нарастае інтэграцыя паліграфічнай прадукцыі з электроннымі сродкамі, што прыносіць безумоўныя прак­тычныя выгады.

Алічбоўванне забяспечвае захаванасць унікальнасці, напрыклад, пісьмовых помнікаў старажытнасці; дазваляе ствараць электронныя базы даных пры дакладнай навігацыі ў іх. Аптымальныя шляхі пошуку забяспечваюць імгненнае знаходжанне матэрыялаў, іх фрагментаў.

Высокай спажывецкай каштоўнасцю валодаюць дзіцячыя і вучэбныя электронныя выданні. Яны павялічваюць цікавасць дзяцей да вывучана­га матэрыялу і забяспечваюць магчымасць выкарыстання новых, больш эфектыўных, тэхналогій не толькі выхавання, але і ўцягнення дзяцей у працэс навучання ў інтэрактыўнай форме. Аналагічныя методыкі ўжо апрабаваны ў шматлікіх краінах свету і на практыцы даказалі сваю эфектыўнасць. Яскравым прыкладам выкарыстання гэтых ме­тодык можа служыць укараненне ў Рэспубліцы Беларусь тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Гэта тэхналогія дазваляе пашырыць функцыя­нальныя магчымасці друкаванага выдання, а менавіта, дапоўніць ста­тычныя выявы (фатаграфіі, малюнкі) відэафрагментамі, якія можна пра­глядаць з дапамогай смартфона ці планшэта. Лідарам у гэтым кірунку з’яўляецца РУП «Выдавецтва “Пачатковая школа”» (са жніўня 2019 года ўвайшло ў склад РУП «Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”».

Айчынныя выдавецтвы паспяхова адаптуюцца да сучасных мэдыятэхналогій. У практыку ўведзены выпуск літаратуры па камп’ютарных і сеткавых тэхналогіях. Актыўна выкарыстоўваецца глабальная сетка для маркетынгу і распаўсюджання літаратуры. Як было паказана на прыкладзе выдавецтва «Пачатковая школа», разам з друкаванымі прадпрыемствы выпускаюць выданні на кампакт-дысках. Прытым сталі практыкавацца інтэграваныя выданні: у кнігу ўкладваўся спадарожны кампакт-дыск, ён утрымліваў праграмны і ілюстрацыйны матэрыял, што дапаўняла і развівала тыя палажэнні, якія ўтрымліваліся ў частцы, тыражуемай друкаваным спосабам. Аднак практыка паказ­вае: раней попытны інструментарый, які яшчэ нядаўна быў сучасным і паспяхова прымяняўся ў вытворчасці, сёння ўжо губляе сваю актуаль­насць. Так адбылося з капакт-дыскамі. Сёння яны маральна састарэлі.

У будучыні паўсюднае распаўсюджанне мультымедыйных тэхналогій і інтэнсіўнае развіццё камерцыі ў электроннай сферы стане своеасаблівым абмежавальнікам канкурэнтаздольнасці і рэгулятарам выжывальнасці прадпрыемстваў друку, арыентаваных на масавага спажыўца. Як ужо паказвае практыка, паспяховымі стануць тыя, хто аператыўна і своечасова ўвёў у кнігавыдавецкую справу электрон­ныя спосабы камерцыі і абслугоўвання (у прыватнасці, электронную падпіску). Выдавецтвы, у якіх не будзе сваёй апаратнай і праграмнай мультымедыйнай базы, не змогуць быць канкурэнтаздольнымі, бо ім будзе складана атрымаць заказ, а іх прадукцыя састарэе раней, чым дойдзе да спажывецкага рынку. Гэта агульны клопат дзяржавы і грамадства.

У адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі і з мэтай паспяхова­га кіравання ў сістэме кніжнай вытворчасці шырокае выкарыстанне знаходзяць аптымальныя падыходы ў ацэнцы рэсурсаў і IT-сістэмы, развіваюцца інтэнсіўныя тэхналогіі кнігавыдання, ажыццяўляецца маніторынг рынкаў, укараняюцца экалагічна бяспечныя матэры­ялы, энерга- і рэсурсазберагальныя тэхналогіі ў паліграфічнай прамысловасці, уведзена сертыфікацыя.

Узорны вынік карпатлівай працы выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» - падрыхтаваная ў год святкавання 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага друкарства персанальная энцыклапедыя «Францыск Скарына», у якой пададзена жыццё і творчасць усходнеславянскага першадрукара, асветніка Францыска Скарыны. У энцыклапедыі раскрываецца шматгранны жыццёвы і творчы шлях Ф. Скарыны, аналізуюцца ўсе яго кнігі, іх змест, умовы падрыхтоўкі і мастацкае афармленне, распавядаецца пра краіны і гарады, з якімі быў звязаны беларускі асветнік, даюцца біяграфіі людзей, з якімі Ф. Скарына камунікаваў пры жыцці ці якія паўплывалі на яго кнігавыдавецкую дзейнасць, а таксама паслядоўнікаў першадрукара ў выдавецкай справе.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах mediana.by.

Опубликовано:
Просмотров:
584