Кнігі і людзі, назвы і тыражы

Кнігі і людзі, назвы і тыражы

Менш за тыдзень застаецца да пачатку XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая з 6 па 10 лютага пройдзе ў сталічным адміністрацыйным комплексе (праспект Пераможцаў, 14) і іншых пляцоўках (у бібліятэках, кнігарнях, музеях, тэатрах і кінатэатрах, нават у Мінскім храме-помніку ў гонар Усіх Святых). Падрыхтавана насычаная і цікавая праграма, вызначаны слоган — “Больш чым кнігі”, заінтрыгаваны наведвальнікі — усё гатова для правядзення маштабнага свята кнігі, аўтараў і чытачоў. Але ММКВК — гэта, як правіла, не толькі мноства самых розных кніжных і калякніжных мерапрыемстваў і сустрэч, але і своеасаблівая справаздача кнігавыдавецкай і кнігагандлёвай галін перад спажыўцамі — з падвядзеннем вынікаў, іх асэнсаваннем і нагляднай шырокай дэманстрацыяй. Пра тое, з якімі набыткамі падышоў беларускі кніжны свет да ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, і некаторыя іншыя моманты, так ці інакш звязаныя з кніжным форумам і наогул айчынным кніжным рынкам, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена ПАЎЛАВА.

— Алена Савельеўна, што ўяўляе сабой сёння айчынная выдавецкая галіна ў колькасным плане?

— Па стане на 1 студзеня 2019 года ў Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў Рэспублікі Беларусь у якасці выдаўцоў зарэгістравана 511 суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку 182 суб’екты гаспадарання дзяржаўнай формы ўласнасці, 244 — прыватнай формы ўласнасці, 55 індывідуальных прадпрымальнікаў, 20 рэлігійных арганізацый і 10 грамадскіх аб’яднанняў.

— Ці радуюць вынікі выдавецкай дзейнасці ў Беларусі за мінулы год?

— Радуюць хоць бы таму, што аб’ёмы выпуску кніжнай прадукцыі ў 2018 годзе не абваліліся. У мінулым годзе выдавецтвамі і выдавецкімі арганізацыямі розных форм уласнасці выпушчана 9665 найменняў кніг і брашур агульным тыражом 25,6 млн экзэмпляраў. У параўнанні з папярэднім годам колькасць выпушчаных выданняў і сукупны тыраж павялічыліся на 0,8 і 10,8% адпаведна. Хоць у параўнанні з 2014 годам, напрыклад, аб’ёмы выпуску скараціліся значна (на 17% па колькасці назваў і на 18% па тыражы).

Колькасны паказчык выпуску кніг і брашур у разліку на душу насельніцтва ў параўнанні з 2017 годам узрос і склаў 2,7 кнігі на аднаго жыхара (2017 год — 2,4). Гэта вельмі добры паказчык, ён вышэйшы, чым у многіх краінах СНД і свету.

Сярэдні тыраж адной кнігі ў 2018 годзе склаў 2,65 тысячы экзэмпляраў (2017 год — 2,4). Нягледзячы на змяншэнне тыражоў кніг многіх тэматычных напрамкаў, у першую чаргу літаратурна-мастацкіх (з 1,5 да 0,5 тысяч экзэмпляраў у сярэднім), сярэдні тыраж павялічыўся за кошт падручнікаў, якія выпускаюцца масавымі тыражамі па заказе Міністэрства адукацыі, кніг серыі “Школьная бібліятэка”, іншых заказных выданняў.

Радуе, што павялічваецца колькасць перакладных кніг. Нягледзячы на прысутнасць у кніжных магазінах велізарнай колькасці перакладных кніг папулярных замежных аўтараў, выпушчаных расійскімі выдавецтвамі, цікавасць да перакладу твораў замежных аўтараў, у тым ліку і на беларускую мову, расце, а гэта сведчыць пра тое, што такая літаратура запатрабавана чытачом.

— Дарэчы, якія суадносіны перакладных кніг на беларускай і рускай мовах? І, адпаведна, з якіх моў яны перакладаліся? 

— На беларускай мове летась было выдадзена 234 назвы перакладных кніг тыражом 674 тысячы экзэмпляраў, перакладзеных з рускай (148), польскай (20), шведскай (11), англійскай і нямецкай (па 8), кітайскай і ўкраінскай (па 5), французскай (3), італьянскай, лацінскай, грэчаскай, сербскай і японскай (па 2), іспанскай, азербайджанскай, грузінскай, дацкай, курдскай, нарвежскай, татарскай і іншых (па 1) моў. 

Колькасць кніг у перакладзе на рускую мову — 393 назвы тыражом 1,83 млн экзэмпляраў, у тым ліку з англійскай мовы (239), нямецкай (47), французскай (40), беларускай (16), польскай (10), галандскай і дацкай (па 5), шведскай (4), кітайскай і літоўскай (па 3), балгарскай, мардоўскай і японскай (па 2), іспанскай, венгерскай, сербскай, славацкай і іншых (па 1) моў.

— А якая статыстыка выдадзеных у Беларусі летась кніг на беларускай, рускай і іншых мовах наогул?

— На беларускай мове ў 2018 годзе выпушчана 1323 найменні кніг і брашур тыражом 4,26 млн экзэмпляраў. У параўнанні з папярэднім годам паказчыкі практычна не змяніліся (1314 назвы тыражом 4,3 млн экзэмпляраў). Літаратура на беларускай мове займае 13,7% у агульнай колькасці выпушчанай у краіне выдавецкай прадукцыі і 16,7% у яе сукупным тыражы. 

На рускай мове выдадзена 7485 найменняў тыражом 18,5 млн экзэмпляраў, што складае ад агульнай колькасці і тыражу 77,4 і 72,3%. 
На англійскай мове выпушчана 616 найменняў тыражом 2,37 млн экзэмпляраў, на нямецкай — 56 найменняў тыражом 0,215 млн экзэмпляраў, на французскай — 30 найменняў тыражом 0,043 млн экзэмпляраў, на іспанскай — 24 найменні тыражом 0,014 млн экзэмпляраў, на іншых мовах — 131 найменне тыражом 0,185 млн экзэмпляраў.

— Літаратуры якіх тэматычных кірункаў стала выдавацца больш у апошнія гады, а якой — менш? 

— У разрэзе тэматычных кірункаў выпуск друкаванай прадукцыі ў 2018 годзе выглядае наступным чынам. Па-ранейшаму вялікая доля вучэбнай літаратуры ў сукупным аб’ёме выпуску — 49,5% у агульнай колькасці выпушчанай прадукцыі і 72,4% у сумарным тыражы. Пазалетась гэтыя паказчыкі былі адпаведна 50,9 % і 76,2%. 

Павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам па колькасці найменняў выпуск навуковых (з 1150 да 1200), навукова-папулярных (з 522 да 688), літаратурна-мастацкіх (з 635 да 670) выданняў, кніг для дзяцей і юнацтва (з 559 да 741). Тыраж афіцыйных, навукова-папулярных і дзіцячых кніг таксама ўзрос. 

Скараціўся выпуск вучэбна-метадычных (па колькасці назваў), даведачных, інфармацыйных і вытворчых выданняў.

— Якія беларускія выдавецтвы цяпер працуюць найбольш актыўна і якія, наадварот, зменшылі абароты, крыху сышлі ў цень? Ці не маглі б вы скласці ўмоўны партрэт паспяховага айчыннага выдавецтва?

— Безумоўным лідарам на рынку выдавецкіх паслуг па-ранейшаму застаецца выдавецтва “Аверсэв”, якое выпусціла ў 2018 годзе 606 найменняў тыражом 5,74 млн экзэмпляраў (6,3% ад агульнай колькасці найменняў і 22,4% ад агульнага тыражу). Прычым апошнім часам “Аверсэв” з году ў год павялічвае тэмпы. Для параўнання: у 2010 годзе выдавецтвам было выдадзена 345 найменняў тыражом 2,87 млн экзэмпляраў (3,1 і 6,6%), у 2015 годзе — 469 назваў тыражом 4,44 млн экзэмпляраў (4,6 і 20,6%), у 2017 годзе — 562 найменні тыражом 4,94 млн экзэмпляраў (5,9 і 21,4%). Якраз на прыкладзе выдавецтва “Аверсэв” і можна скласці ўмоўны партрэт паспяховага айчыннага выдавецтва. Гэта прыватнае выдавецтва, якое спецыялізуецца, прычым вельмі прафесіянальна, на выпуску вучэбнай літаратуры. Пры гэтым з задавальненнем падтрымлівае розныя сацыяльныя праекты, звязаныя с прапагандай кнігі і чытання.

Таксама ў пяцёрку лідараў па колькасці найменняў выдадзеных у 2018 годзе кніг увайшлі выдавецтвы “Попурри”, “Выснова”, “Харвест” і выдавецкі цэнтр Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а па тыражы — выдавецтвы Нацыянальнага інстытута адукацыі, “Конкурс”, “Попурри” і “Книжный дом”. 

Даволі цікавая сітуацыя з выдавецтвам “Харвест”, якое з нулявых гадоў лідзіравала на кніжным рынку Беларусі, потым, з 2014 года, значна скараціла аб’ёмы выпуску прадукцыі, а апошнія два гады зноў пачало нарошчваць гэтыя аб’ёмы, прычым большая частка кніг выдавецтва, асабліва што тычыцца дзіцячай літаратуры, друкуецца сёння на беларускай мове.

— Вы маглі б назваць канкрэтна тыя кнігі, якія былі выдадзены летась у Беларусі самымі вялікімі тыражамі? 

— Калі не лічыць падручнікаў для агульнаадукацыйнай школы, гэта “Аліса ў краіне цудаў” і “Аліса ў залюстроўі” Льюіса Кэрала па заказе “Еўраопт”. Іх тыражы склалі адпаведна 122 і 280 тысяч экзэмпляраў. 

— Ці застаюцца значнымі гульцамі на айчынным кніжным рынку сёння дзяржаўныя выдавецтвы краіны? 

— Так, і гэта красамоўна пацвярджае статыстыка. У 2018 годзе дзяржаўнымі выдавецтвамі сістэмы Міністэрства інфармацыі, а таксама Выдавецкага дома “Звязда”, па даных статыстычнага ўліку, выпушчана 416 найменняў кніг і брашур (без уліку электронных выданняў, мастацкіх і фотаальбомаў, аркушавай прадукцыі і паштовак) тыражом 1,9 млн экзэмпляраў. У параўнанні з папярэднім годам колькасць назваў зменшылася на 7,1%, але тыраж павялічыўся на 32,9%. У агульным аб’ёме выпушчанай у краіне прадукцыі кнігі падведамных Мінінфарму выдавецтваў займаюць 4,3% у агульнай колькасці і 7,3% у сукупным тыражы.

— Можна здагадвацца, што вялікую запатрабаванасць, як і ў ранейшыя гады, маюць кнігі серый “Школьная бібліятэка” і “Бібліятэка школьніка”. А якія яшчэ кніжныя серыі, спецыяльныя праекты дзяржаўных выдавецтваў вы маглі б асабліва адзначыць? 

— Дзяржаўныя выдавецтвы паспяхова працягваюць рэалізацыю шэрага значных па змесце і якасных па мастацка-графічным афармленні і паліграфічным выкананні праектаў.

Да юбілейных дат 2018 года выпушчаны кнігі-альбомы “У рытме імклівых гадоў… Нарысы гісторыі камсамола Беларусі” (да 100-годдзя УЛКСМ — ЛКСМБ), “Армія беларускага народа” (да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі), “Беларускі крымінальны вышук” (да 100-годдзя службы крымінальнага вышуку), “Чэкісты Міншчыны” (да 100-годдзя ўтварэння ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці), “БРСМ. Час наперад” (выдадзена да 43-га з’езда Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі).

100-гадоваму юбілею П.М.Машэрава прысвечана кніга В.Вялічкі “Пётр Машэраў. Беларусь — яго песня і слава”, 135-годдзю класіка беларускай літаратуры Я.Маўра — кніга ў серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” “Янка Маўр. Наш вечны рабінзон”, 125-годдзю М.Гарэцкага — кніга “Максім Гарэцкі. Вернасць высокім ідэалам”, 70-годдзю беларускай паэтэсы Я.Янішчыц — зборнік “Кахання сад i ластаўка вясны” ў серыі “100 вершаў” (“Мастацкая літаратура”), 90-годдзю Ч.Айтматава — кніга “Буранны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век” (“Народная асвета”).

Да Года малой радзімы прымеркаваны выпуск кнігі “Зямля бацькоў, зямля святая…” у серыі “100 вершаў” (“Мастацкая літаратура”), М.Маляўкі “Спадчына, або Каб не стаць манкуртам” (“Народная асвета”), Я.Жабко “Беларусь — зямля святая” (“Беларусь”).

Выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі” працягнуты выпуск энцыклапедый “Гарады і вёскі Беларусі” (т. 10 кніга 1 “Віцебская вобласць”), “Рэгіёны Беларусі” (т. 5 кніга 3 “Мінская вобласць”), выпушчана ўнікальная персанальная энцыклапедыя “Янка Купала” ў трох тамах, а таксама кніга “Янка Купала. “А хто там ідзе?” на мовах свету”.

У мэтах выканання Мемарандума аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва паміж Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітайскай Народнай Рэспублікі і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і РУП “Мастацкая літаратура” працягнуты выпуск перакладаў на беларускую мову твораў вядомых кітайскіх паэтаў — Ван Цзянчжаа “Метафара белага снегу”, Су Шы “Подых усходняга схілу”. Выдадзены таксама зборнік “Пялёсткі лотаса i хрызантэм. Сто паэтаў Кітая XX стагоддзя” ў перакладзе М.Мятліцкага.

Выдавецтвам “Мастацкая літаратура” працягнуты выпуск кніг серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”, збору твораў У.Караткевіча. Пачаты выпуск збору твораў Янкі Брыля ў 10-і тамах. Выдавецтва “Беларусь” прадоўжыла выпуск кніг у серыі “Славутыя мастакі з Беларусі” (убачылі свет 2 кнігі). Выдавецкі дом “Звязда” на працягу года паспяхова ажыццяўляе выпуск літаратурна-мастацкіх твораў сучасных беларускіх аўтараў, краязнаўчых і літаратуразнаўчых выданняў, кніг для дзяцей і юнацтва.

Безумоўна, усе згаданыя мной кнігі можна будзе ўбачыць і набыць на XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.

— Алена Савельеўна, да пачатку ММКВК застаецца ўжо менш за тыдзень. Многія мерапрыемствы форуму былі ўжо праанансаваны і ў нашым, і ў іншых перыядычных выданнях. Дазвольце ўдакладніць толькі некаторыя моманты. Назавіце, калі ласка, самыя арыгінальныя “фішкі” Нацыянальнага стэнда Беларусі.

— Там будзе многа ўсяго вельмі рознага, цікавага і значнага, але калі зусім коратка, то, мабыць, найперш трэба адзначыць цікавую экспазіцыю “Мясціны, любыя сэрцу” ў рамках аўтарскага праекта Уладзіміра Ліхадзедава “У пошуках страчанага” — паштоўкі і фотаздымкі канца XIX — пачатку XX стагоддзя, кнігі і іншыя рарытэтныя экспанаты, прысвечаныя Году малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь, экспазіцыі, прысвечаныя ўраджэнцам Беларусі Адаму Міцкевічу і Яну Булгаку. Экспазіцыю “Беларускі Буквар: чатыры стагоддзі гісторыі” прадставіць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, перасовачную выставу мастацкіх кніг сучасных пісьменнікаў дзяржаў — удзельніц СНД “Чытаем разам — пазнаём адно аднаго” — Прэзідэнцкая бібліятэка сумесна з Выканкамам Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Будуць дэманстравацца кнігі — пераможцы нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”, выстава друкаванай прадукцыі, прысвечаная Году малой радзімы і маючых адбыцца II Еўрапейскіх гульняў у Рэспубліцы Беларусь. І гэта не кажучы пра такія выбітныя праекты, як “Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам” з дэманстрацыяй арыгінала “Малой падарожнай кніжкі” Францыска Скарыны 1522 года выдання і экспазіцыю “Друкарскі двор XVI cтагоддзя” з арыгінальнай і ўзноўленай па чарцяжах друкарскай тэхнікай мінулых часоў. 

— Якія з замежных стэндаў выклічуць найбольшую цікавасць у наведвальнікаў?

— Гэта стэнды краін, якія па традыцыі прымаюць актыўны ўдзел у нашым кніжным форуме: Расійскай Федэрацыі, Украіны, Казахстана, Германіі, Швецыі і інш. 

— У якім фармаце і маштабе будуць прадстаўлены кнігі амерыканскіх аўтараў, улічваючы шатдаўн у ЗША?

— На жаль, ЗША не змаглі прыняць удзел у ММКВК у якасці ганаровага госця. Тым не менш кнігі амерыканскіх аўтараў, выдадзеныя ў Беларусі, будуць прадстаўлены на выставе. Спецыяльна да форуму выдадзены зборнік вершаў амерыканскага паэта Уолта Уітмена на беларускай мове “Лісце травы”, кніга казак Д.Харыса “Казкі дзядзечкі Рымуса”, перавыдадзена некалі вядомая кніга Ю.Стулава “100 пісьменнікаў ЗША”.

— Магчыма, ужо вядома, хто дакладна з замежных аўтараў прыедзе на мінскі форум? 

— Амаль са стапрацэнтнай верагоднасцю можна сказаць, што на ММКВК прыедуць такія вядомыя аўтары з Расіі, як Павел Басінскі, Вераніка Доліна, Яўген Вадалазкін, Вольга Дварнякова, Кацярына Цімашпольская. Шырокую прэзентацыю сваіх выданняў зладзіць расійскае выдавецтва “Маладая гвардыя”, у тым ліку кнігі “Аляксандр Мальцаў” з удзелам самога славутага хакеіста. Чакаюцца прадстаўнічыя дэлегацыі Казахстана і Украіны. З заходнееўрапейскіх краін гэта такія госці, як пісьменнік і аўтар бардаўскай песні Дамініка Лакашулі з Італіі, пісьменнік і ілюстратар Стыян Холе з Нарвегіі і іншыя. З ЗША дакладна прыедзе на сустрэчы са сваімі шматлікімі чытачамі аўтар выдацветцва “Макбел” Аляксандр Калецкі. 

— Вядома, што ў рамках ММКВК павінна ўрачыста адкрыцца кнігарня “Дружба”. Гэта будзе спадкаемніца таго некалі папулярнага кніжнага магазіна, які знаходзіўся ў раёне парку Чалюскінцаў?

— Новая “Дружба” (раней — “Прэзентацыя”) пачала працаваць у тэставым рэжыме яшчэ ў мінулым годзе. На сістэмнай аснове тут плануецца прадстаўляць літаратуру краін блізкага і далёкага замежжа на мове арыгінала і ў перакладзе на беларускую і рускую мовы. Магазін стане выдатнай прэзентацыйнай пляцоўкай для пісьменнікаў СНД, Кітая і многіх іншых краін. 

— Вялікі дзякуй за гутарку.


( крыніца - "Настаўніцкая газета")


Опубликовано:
Просмотров:
1 598
Направления: