Кнігу пра сваю радзіму прэзентавала на выстаўцы-кірмашы Алена Стэльмах
Кніга Алены Стэльмах «Навасады: Дзяржынскі раён», прэзентацыя якой адбылася на галоўнай сцэне XXIX Мінскай Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмаша, стала яскравым сведчаннем любові да сваёй бацькаўшчыны.

Кніга «Навасады» – чацвёртая ў літаратурна-патрыятычным праекце Алены Стэльмах і Уладзіслава Цыдзіка. Першымі былі фотакнігі «Зачараваны Беларуссю», «Бачу Беларусь такой», «Мая Радзіма».
Працягваючы ўжо вядомы праект, прадстаўлены не толькі ў Беларусі, але і замяжой, Алена Стэльмах на гэты раз звяртаецца да асабліва дарагога для яе куточка. Навасады — малая радзіма аўтара, якая стала вялікім Сусветам для пісьменніцы. Гэта кніга пра яе асабісты лёс і лёс некалькіх пакаленняў жыхароў у кантэксце гісторыі старажытнай вёскі, як і наогул краіны.
— Героі маёй кнігі не прымалі ўдзел у грандыёзных падзеях, але іх лёсы не сталі ад гэтага менш значнымі. З вёскі ідуць вытокі нашай беларускай нацыі, — гаворыць аўтар. — Радзімазнаўства пачынаецца з простага: расповедаў бабулі, дзеда, таты, а яшчэ — сваякоў, суседзяў, землякоў.
Мэта аўтара: заахвоць кожнага ствараць свой радавод, шанаваць продкаў, ведаць гісторыю сваіх мясцін.
Вёска Навасады адметная сваім незвычайным гарыстым рэльефам — спадчынай колішняга ледавіка, курганнымі могільнікамі, а таксама ўнікальнай крынічкай — гідралагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Аздабляюць аповед архіўныя матэрыялы, гістарычныя фотаздымкі і аўтарскія творы, што нарадзіліся на роднай зямлі.
У прадмове да кнігі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха зазначае: «Упэўнены, што кнігу Алены Стэльмах пра сваю вёску, сваю зямлю, пра родных і блізкіх ёй людзей будуць з цікавасцю чытаць не толькі ў Навасадах і наваколлі. Бо святло ў нашых людзей, у нашага народа адно, якое можна назваць адным словам — жыццядайнае. Таму і нязгаснае».
Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці» і працягнула заснаваную тут у 2015 годзе серыю «Малая Радзіма».