Кніжныя навінкі — ад «Мастацкай літаратуры»

Кніжныя навінкі — ад «Мастацкай літаратуры»

Усе складанасці, якія накладвае пандэмія каранавіруса, тым не меней не з’яўляюцца падставай для спынення кнігавыдавецкай дзейнасці.   Выдавецтва «Мастацкая літаратура» прапануе чытачу цэлы шэраг цікавых, адметных кніг.

У перакладзе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Марціновіча выходзіць раман заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца «За секунду да выстралу», а таксама — зборнік вершаў Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня», якім прадаўжаецца выдавецкая серыя «100 вершаў».

Ужо пабачыў свет зборнік гісторыка-мемарыяльнага характару — «Мы жылі ў буднях барацьбы…», у якім сабраны старонкі ваенных дзённікаў беларускіх пісьменнікаў. Нечаканая выданне, у якім многія запісы з’яўляюцца выключна важнымі мастацкімі дакументамі пра Вялікую Айчынную вайну. Юнага чытача, бацькоў, якія лічаць, што кніга не страціла сваіх выхаваўчых задач, безумоўна, прывабіць зборнік з серыі «Дванаццаць месяцаў» — пятая па ліку кніга казак «на кожны дзень». «Колькі ў месяцы дзён — гэтулькі ў кнізе і казак», — такі прынцып складання зборніка. У агуле за год выбудуецца сапраўдная казачная бібліятэка.

У Беларусі рэдка выдаюцца мемуары, кнігі, аўтарамі якіх з’яўляюцца палітыкі, высокія дзяржаўныя дзеячы. Таму, відаць, асабліва цікавай падаецца ў гэтай сувязі кніга Аляксандра Радзькова (нагадаем: колішняга міністра адукацыі краіны, першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыні грамадскага аб’яднання «Белая Русь») «Дыскрэтны падыход да назірання жыцця». Серыя, у якой выйшла кніга, — «Люстэрка жыцця». Дарэчы, аўтар — яшчэ і доктар фізіка-матэматычных навук, вядомы ў Беларусі і за яе межамі матэматык. Паверце, кніга «назіранняў жыцця» Аляксандра Радзькова чытаецца на адным дыханні.

А з перакладной мастацкай літаратуры чытача, несумненна, парадуе зборнік вершаў рускага паэта беларускага паходжання магіляўчаніна Валерыя Казакова «Флейта травы». Перакладчыкі яго вершаў на беларускую мову — Янка Лайкоў, Таццяна Сівец, Юлія Алейчанка, Віктар Шніп, Алесь Бадак.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва "Мастацкая літаратура".

Опубликовано:
Просмотров:
619