Літаратура Бангладэш – на старонках часопіса “Маладосць”

Літаратура Бангладэш – на старонках часопіса “Маладосць”

Літаратура Бангладэш – на старонках беларускага часопіса. Сёлетні восьмы нумар часопіса “Маладосць” у значнай ступені прысвечаны мастацкім перакладам з іншых нацыянальных літаратур.

Разам сустракаюцца пісьменнікі з Расійскай Федэрацыі, Туркменістана, Індыі, Бангладэш, Кыргызстана, Кітая, Таджыкістана, Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы. У сваім перакладчыцкім спаборніцтве супернічаюць сталыя і маладыя перакладчыкі.

Ці не ўпершыню беларускі чытач на роднай мове знаёміцца з паэзіяй Бангладэш. На старонках маладзёжнага літаратурна-мастацкага выдання друкуецца вялікая балада славутага бенгальскага паэта Казі Назруло Іслама “Мяцежнік”. Перакладчык – Марыя Кобец. Пададзены і невялікі ўступны артыкул пра легендарнага паэта, чыя творчасць, несумненна, паўплывала на фарміраванне нацыянальнай свядомасці народа Бангладэш, на яго шлях да стварэння суверэннай і незалежнай краіны. Падрадкоўны пераклад твора падрыхтаваў грамадзянін Бангладэш Музахіддзін Іслам, які жыве і працуе ў Беларусі.

Паэзія Казі Назруло Іслама і раней была заўважная на савецкай прасторы. У Маскве ў 1960-ыя гг. выйшла кніга яго вершаў у перакладзе на рускую мову. Узбекскі паэт Эрык Вахідаў напісаў паэму, прысвечаную легендарнаму творцу. І цяпер вось пачынаецца беларускае прачытанне спадчыны класіка бенгальскай паэзіі.

Таксама ў жнівеньскай “Маладосці” змешчаны тры варыянты перакладу на беларускую мову верша лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Рабіндраната Тагора “Мая залатая Бенгалія”. Гэты верш, напісаны на пачатку дваццатага стагоддзя, з набыццём Бангладэш незалежнасці стаў гімнам гэтай дзяржавы. Перакладчыкамі твора на беларускую мову выступілі Марыя Кобец, Навум Гальпяровіч, Мікола Мятліцкі.
Опубликовано:
Просмотров:
1 023