Міжнародны сімпозіум “Пісьменнік і час” збярэ ў чарговы раз пісьменнікаў з розных краін свету

Міжнародны сімпозіум “Пісьменнік і час” збярэ ў чарговы раз пісьменнікаў з розных краін свету

Сустракацца ў пачатку лютага ў Мінску, а ў гэтым годзе міжнародны сімпозіум “Пісьменнік і час” адбудзецца ўжо ў трэці раз, – традыцыя, якую надзвычай ухваляе міжнародная літаратурная супольнасць. У рэаліях сучаснага супярэчлівага свету, сцвярджаюць вядомыя замежныя літаратары, відавочна, у Беларусі не толькі падтрымліваецца літаратурная творчасць, важкасць мае слова пісьменніка, кнігавыданне з’яўляецца  адным з прыярытэтных клопатаў дзяржавы, але і прыкметны беларускі ўплыў на падтрымку іншых нацыянальных літаратур, жаданне праз літаратурныя здабыткі пракласці масты сяброўства ў блізкім і далёкім замежжы.

Мінская міжнародная выстаўка-кірмаш, у рамках якой праходзіць сімпозіум, заснаваная Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, даўно стала пляцоўкай для актыўных дыскусій, абмену думкамі, нагодай для пашырэння перакладчыцкай дзейнасці. Тут выпрацоўваюцца новыя творчыя праекты, якія яднаюць творцаў розных краін, а іх слова – праўдзівае, сумленнае, шчырае – служыць міру і згодзе. Пра што, уласна, мараць усе народы. Такой думкі прытрымліваюцца і адзін з актыўных удзельнікаў міжнародных сімпозіумаў “Пісьменнік і час” Ато Хамдам – сустаршыня форума перакладчыкаў і кнігавыдаўцоў краін СНД і Балтыі, кіраўнік упраўлення “Літаратурныя сувязі пісьменнікаў Таджыкістана”, і загадчык кафедры замежнай і рускай літаратуры Калмыцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Рыма Ханінава, і іншыя паэты і пісьменнікі з розных краін свету.

Больш таго, Беларусь,  яе багатае гістарычнае мінулае, прываблівы сучасны вобраз  кожны раз па-новаму натхняе замежных майстроў пяра. Нашай краіне яны прысвячаюць свае лепшыя творы. Пісьменнікі хочуць расказаць на сваёй Радзіме аб краіне, якую палюбілі ўсёй душой, і жадаюць  гэту любоў памножыць сярод сваіх суайчыннікаў.

Сёлета выстаўка ў Мінску збярае прадстаўнікоў больш дзесяці краін – Велікабрытаніі, Кітая, Казахстана, Латвіі, Польшчы і іншых. Найбольш прадстаўнічая дэлегацыя прыбудзе з Расіі. 

На пленарным паседжанні сімпозіума замежныя госці далучацца да абмяркавання тэмы 500-годдзя беларускага кнігадрукавання як часткі сусветнай кніжнай гісторыі. 

У Мемарыяльнай зале Саюза пісьменнікаў Беларусі замежныя літаратары разам з беларускімі калегамі, а таксама стваральнікамі літаратурнай перыёдыкі Беларусі за ”круглым сталом” абмяркуюць важнасць выдання нацыянальных літаратурных часопісаў і газет. Імёны многіх творцаў, як замежных у Беларусі, так і беларускіх аўтараў у іншых краінах сталі вядомы менавіта з перыядычных друкаваных літаратурных крыніц. Дзякуючы чаму і чытач атрымаў магчымасць праз літаратуру даведацца пра нацыянальныя звычаі, традыцыі, культуру іншых народаў.

Акрамя таго, нашых гасцей чакаюць у дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Я. Коласа. Дырэктар музея Зінаіда Камароўская надзвычай рада такой сустрэчы. У яе планах – пашырыць творчую спадчыну Я. Коласа праз пераклады яго твораў на іншыя мовы. Такім чынам і творчы, і дзелавы дыялог тут таксама абяцае быць.
Опубликовано:
Просмотров:
355