«Маладосць» & «Маладосць»: быць бліжэй да чытача

«Маладосць» & «Маладосць»: быць бліжэй да чытача

Адбылася сустрэча ў межах ініцыятывы «Маладосць» & «Маладосць» (праекта аднаіменных часопіса і кнігарні ААТ “Белкніга”), якая стала не толькі пэўнай справаздачай за 2018 год, але і сваеасаблівым мастком у літаратурную будучыню на бліжэйшыя 12 месяцаў.

Мадэратар сустэчы Дзмітрый Шулюк адзначыў, што 2018 год прайшоў для “Маладосці” пад сцягам разбурэння літаратурнай сцяны паміж аўтарам і чытачом (у тым ліку і пры дапамозе праекта «Маладосць» & «Маладосць»). І цалкам магчыма, што ўжо ў 2019-м будзе вядома, наколькі паспяховымі былі гэтыя спробы наладжвання камунікацыі.

Актыўнай удзельніцай гэтага “руху насустрач” стала паэтэса і перакладчыца Ганна Комар, якая прачытала свае вершы і пераклады, а таксама распавяла пра асабістыя вынікі мінулага года. Сярод галоўных падзей – выхад кнігі Ганны ў Лондане.

Дарэчы, у некаторым сэнсе можна сказаць, што сваю кнігу ў 2018 годзе выпусціла і “Маладосць”. Гаворка ідзе пра прысвечаны 65-годдзю часопіса святочны нумар (№4), які, дзякуючы высілкам рэдактараў, ператварыўся ў сапраўдны летапіс “маладосцеўскай” гісторыі. Падрабязна пра гэта расказала Святлана Курганава.

Часопіс “Маладосць” імкнецца шукаць новыя імёныі. Менавіта гэтаму і прысвяціла ўвесь мінулы год Марына Яромка – аўтар і стваральнік рубрыкі “Міжкніжжа”, якая стала ўнікальнай з’явай для нашай літаратурнай прасторы.

Калі ж гаварыць пра год 2019-ы, то неабходна адзначыць, што ўсіх чытачоў “Маладосці” чакае прыемны сюрпрыз – паэтэса Кацярына Масэ анансавала сваю калонку “Код паэзіі”, у якой будзе разбіраць свет паэтычных сімвалаў, знакаў і таямніц.

Скончылася ж імпрэза ўжо традыцыйным выступам музыкантаў. На гэты раз гасцей сустрэчы парадваў гурт “Няміга”.

Наступная літаратурная серада  адбудзецца праз два тыдні ў той жа самы час, на тым жа самым месцы (вул. Багдановіча, 68 у 16-00).

Опубликовано:
Просмотров:
1 712
Направления: