Місія пісьменніка: адчуваць подых гісторыі

Місія пісьменніка: адчуваць подых гісторыі

Дзень беларускага пісьменства стаў адным з улюбёных святаў айчынных літаратараў. Пра гісторыю і традыцыі святкавання, пісьменніцкую місію і адказнасць творцы за тое, што адбываецца навокал, разважае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Калісьці і цяпер

Штогод я бываў удзельнікам свят, звязаных з Днём пісьменства. Магу ўпэўнена канстатаваць, што з кожным годам гэтае мерапрыемства арганізоўваецца ўсё лепей, таму хачу выказаць словы падзякі Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь, асабіста намесніку Міністра Ігару Бузоўскаму, які ўвесь час штосьці імкнецца палепшыць, удасканаліць і прымушае тое ж рабіць іншых…

Асабіста мне імпануе, што ў арганізацыі ўрачыстасці сышлі ад стэрэатыпаў: раней гледачы вымушаны былі назіраць на сцэне доўгія дзеі, прадстаўленыя з аглядкай на гісторыю свята. Цяпер жа гэтую частку скарацілі і запоўнілі тым, што сёння найбольш актуальна.

Свята пачалося!

Сёлета адбылася трохдзённая ўрачыстасць.

Так, сёння ўпершыню ў Палацы Рэспублікі адбыўся круглы стол «Пісьменнік і адзіная гуманітарная прастора», у тым ліку ў рэжыме анлайн. Удзел узялі прадстаўнікі іншых краін. Да абмеркавання прапанаваліся тэмы, якія датычаць дзейнасці пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў і палітыкаў, але літаратура будзе як стрыжань дзеля таго, каб можна было паразважаць аб праблемах у свеце, пагутарыць пра складанасці, з якімі сутыкаецца чалавецтва: напрыклад, голад у Афрыцы, сітуацыя ў Афганістане...

Літаратар і грамадства

Пісьменніцкія дэлегацыі (па дзесяць чалавек з кожнай вобласці, а з Мінска — трыццаць) сабраліся ў Капылі і праводзілі сустрэчы. Усё было распісана па гадзінах. Абласныя арганізацыі на сцэне распавядалі аб тым, што зроблена ў літаратуры. Да таго ж сярод літаратараў ёсць нямала музыкантаў, спевакоў: яны выканалі творы на словы нашых пісьменнікаў, каб паказаць іх творчасць у музычным ракурсе. Кожная арганізацыя паказала найлепшае.

Акрамя таго, да ўрачыстасці была арганізавана кніжная выстаўка, дзе дэманстраваліся творы, што ўбачылі свет на працягу года — своеасаблівая справаздача перад насельніцтвам.

У нядзелю адбылася і сустрэча кіраўнікоў абласных пісьменніцкіх арганізацый з жыхарамі горада — і гэта было арганізавана ўпершыню. Мяркую, будзе станоўчы вопыт, калі пісьменнікі возьмуць за правіла рэгулярна сустракацца з насельніцтвам і гутарыць на любыя тэмы. Галоўнай стане літаратура, але яе сёння нельга разглядаць толькі як напісанне кніг: пісьменнік павінен ведаць і пра сітуацыю ў свеце, палітыку, эканоміку — але не як эканаміст, а бачыць нейкія моманты: пралікі і недахопы, напрыклад, ва ўборцы ўраджаю альбо ў выпуску пэўнай тэхнікі, і ўмець патлумачыць, чаму так адбываецца. Вельмі важна, каб пісьменнік мог адказаць на пытанні, якія хвалююць людзей. Адных трэба супакоіць, іншым правесці аналогіі ці паралелі з падобнымі з’явамі ў іншых краінах ці гісторыі.

Напрыклад, часта можна пачуць ад суразмоўцаў, што, маўляў, хацелася б мець лепшы ўзровень жыцця. Але калі параўнаць з часамі Савецкага Саюза, то цяпер на кожную сям’ю прыходзіцца больш аўтамабіляў, чым было калісьці, дый амаль усе — іншамаркі.

Праўда, гэта стварае новыя праблемы. Так, калі я быў у Кітаі, то кінулася ў вочы: ні ў Пекіне, ні ў Шанхаі на вуліцах і ў дварах няма машын. Як аказалася, пры праектаванні дамоў прадугледжваюць альбо шматузроўневую стаянку, альбо падземныя гаражы. Мы ж толькі набліжаемся да гэтага. Але пісьменнік, ведаючы гэта, павінен расказаць тым, ад каго залежыць вырашэнне такіх пытанняў. Так, са Злучаных Штатаў я прывёз праект часовага шматпавярховага гаража, які збіраецца з металу, а потым, пры патрэбе, яго можна разабраць і перанесці ў іншае месца. Пісьменнік таксама павінен займацца такімі праблемамі.

Мы павінны праводзіць тлумачальную работу: распавядаць пра складанасці, адказваць на пытанні людзей, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, і ў той жа час паказваць тое добрае, што ў нас ёсць, нашы дасягненні. Чаму б не расказаць пра тое, што кожны дзясяты трактар у свеце — «Беларус»? Гэта выклікае пачуццё гонару. Апошнім часам у нашай краіне маем якасную лінейку тэхнікі для ўсіх відаў сельгасработ. Гэта таксама падстава для гонару за свой народ.

Такім чынам, выступаючы перад насельніцтвам, пісьменнік павінен падкрэсліць тое добрае, што ў нас ёсць, адказваць на пытанні, распавядаць пра свае творы… А паказваючы праблему, творца мусіць і падказаць шляхі яе вырашэння.

Іншая задача, да вырашэння якой літаратары павінны мець дачыненне, — выхаванне моладзі. Так, мы змагаемся за тое, каб удзельнічаць у стварэнні падручнікаў. Нядаўна адбыўся сход настаўнікаў — пісьменнікаў, на жаль, туды не запрасілі, у той час як мы маем даручэнне Кіраўніка дзяржавы рыхтаваць падручнікі па мовах і літаратурах сумесна з Міністэрствам адукацыі. Пісьменніцкае слова, лічу, было б вельмі карысным!

Пра стасункі

Мы рады, што на святкаванне прыязджае шмат вядомых людзей. Саюз пісьменнікаў Беларусі заключыў шэраг дагавораў з пісьменніцкімі арганізацыямі 39 краін. Гэта не значыць, што прыедуць усе, на жаль, сітуацыя з пандэміяй таго не дазваляе. Але тым, хто прыехаў, будзе дадзена магчымасць паўдзельнічаць у круглым стале, паразмаўляць з калегамі і абмяняцца вопытам.

Будзем разважаць з гасцямі і пра тое, як яны жывуць і вырашаюць пытанні, у тым ліку дзяржаўнай важнасці, як яны пішуць, як забяспечаны матэрыяльна і якое атрымліваюць маральнае задавальненне ад сваёй дзейнасці. Чакаем, што нашы пісьменнікі атрымаюць зарад аптымізму для творчасці.

Галоўная ўзнагарода Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Галоўная ўзнагарода Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Заслугі і ўзнагароды

Мы ганарымся, што ў нас штогод 10 — 12 пісьменнікаў высока ацэньваюцца дзяржавай — па тых заслугах, якія яны маюць, і той працы, якую ўклалі ў творы, па выніках іх работы з насельніцтвам, асабліва з моладдзю. Але і пісьменнікі павінны гэта разумець і цаніць…

Так, 5 верасня, падчас правядзення галоўных нашых сустрэч у Капылі, былі аб’яўлены пераможцы літаратурнага конкурсу, які мы праводзілі — пісьменнікам уручылі граматы і прызы.

Мы ўдзячныя Кіраўніку і кіраўніцтву дзяржавы, Міністэрству інфармацыі за тое, што былі знойдзены магчымасці, каб пераможцы не толькі атрымалі дыплом, але і матэрыяльную ўзнагароду. Бо ў пісьменніка ёсць праблемы, якія нельга вынесці на шырокае абмеркаванне. Так, сыходзячы на пенсію, літаратары апынаюцца ў незайздросным становішчы… Дарэчы, цяпер працуем над тым, каб унесці пэўныя змены ў закон аб пенсіях. Добра было б, каб да гэтай невялікай сумы пісьменнікі атрымлівалі надбаўкі.

Надзеі і чаканні

Спадзяюся, што сябры пісьменніцкай арганізацыі атрымалі маральнае задавальненне, адчулі, што народ прыняў іх дасягненні, але ў той жа час трэба, каб пісьменнікі паглядзелі на сябе крытычна, параўналі тое, што яны робяць, з дасягненнямі іншых калег па пяры — трэба ўмець суадносіць свае магчымасці і вынікі з магчымасцямі і вынікамі іншых… А яшчэ думаю, што пісьменнікі нашы проста добра адпачылі: пабавілі час у кампаніі з іншымі творцамі, паспявалі і патанцавалі — гэта ж свята літаратуры і тых, хто яе стварае!

На перспектыву

Вынікі ўдзелу ў свяце дазваляюць спланаваць работу на далейшае з мэтай паляпшэння якасці літаратуры. У гэтым плане чакаем, што з’явяцца новыя творы. Нацэльваем нашых пісьменнікаў на новае, чаго яшчэ не рабілі. Напрыклад, мала кніг па Першай сусветнай вайне. У той жа час у нашай зямлі ляжыць да мільёна салдат і афіцэраў, якія нават не былі пахаваныя. Так, пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка прысвяціў свае творы менавіта гэтай тэме — і некалькі яго кніг перавыдалі нават у Расіі.

Мы правялі даследчую працу: цяпер вядомы каля дзвюх тысяч прозвішчаў людзей, якія праславілі Беларусь за яе межамі. Пра многіх з іх ніхто не ведаў. Напрыклад, Уладзіслаў Старэвіч, стваральнік мультфільмаў, атрымліваў перамогу на ўсіх мастацкіх конкурсах — да 1970 года ўсе ўзнагароды былі яго, а ён — ураджэнец Беларусі, з беднай шляхецкай сям’і. У Парыжы ў 1968 годзе на чарговым конкурсе, дзе ён узяў найвышэйшую ўзнагароду, журналісты спыталі: «Як вы навучылі вашых жучкоў апранацца і надзяваць капялюш?» То-бок, яны нават не зразумелі, што мульцікі былі намаляваныя. А як Сувораў і Кутузаў бралі Ісмаіл? Толькі дзякуючы Полацкаму палку, на сто працэнтаў камплектаванаму з беларусаў… Вось і задача для літаратараў: трэба напісаць пра выбітных суайчыннікаў, данесці іх подзвігі і дасягненні да шырокай аўдыторыі!

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
344