На кніжнай выстаўцы-кірмашы прайшла прэзентацыя кнігі Хаяма «Выбраныя старонкі»

На кніжнай выстаўцы-кірмашы прайшла прэзентацыя кнігі Хаяма «Выбраныя старонкі»

На XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы прайшла прэзентацыя кнігі Амара Хаяма «Выбраныя старонкі», якая выдадзена ў Выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь. 

Так атрымалася, што гэты праект складзены з тэкстаў перакладаў, здзейсненых у розны час. Значная частка кнігі — пераўвасабленні неўміручай паэзіі класіка ўсходняй літаратуры, якія ажыццявіў шмат гадоў назад народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін (1935 — 2014). Яны ўжо выдаваліся асобным кніжным фарматам. У «Выбраныя старонкі» уключаны яшчэ і новыя пераклады, зробленыя зусім нядаўна Віктарам Шніпам і Генадзем Аўласенка.

Адкрыў прэзентацыю старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч

Мы не ўпершыню звяртаемся ў сваёй кнігавыдавецкай працы да перакладных праектаў, — адзначыў выступоўца і вядучы імпрэзы. — Некалі падзеяй стала выданне аўтарскай анталогіі перакладаў Міколы Мятліцкага «Пад крыламі дракона: Сто паэтаў Кітая». У «Звяздзе» была распачата і серыя «Светлыя знакі: паэты Кітая», у якой пабачылі свет зборнікі Ай Ціна, Ван Вэя, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня, Мэн Хаажаня і іншых класікаў кітайскай паэзіі. Выдадзены кнігі паэтаў-сучаснікаў, ды і празаікаў таксама, з розных куткоў постсавецкай прасторы — Агагельды Аланазарава, Касыма Нурбадава, Эдварда Мілітаняна, Чынгіза Алі аглу, Абая, Міхайлы Слабашпіцкага і іншых вядомых творцаў. Да збірання кнігі Амара Хаяма мы падыходзілі з асцярогай. Класічная паэзія ўжо мае свой твар, і падыходзячы да перастварэння яе здабыткаў на іншую мову трэба мець асаблівую творчую адвагу...

img_5620_1.jpg

Такой адвагай вызначыліся перакладчыцкія памкненні і Віктара Шніпа, і Генадзя Аўласенкі. Віктар Шніп падзяліўся сваімі ўражаннямі, эмацыйнымі перажываннямі, якія суправаджалі яго пры ажыццяўленні перакладаў твораў Амара Хаяма. Пра веліч паэта, яго ролю ў фарміраванні літаратурных густаў чытача ўсходніх краін гаварыў на прэзентацыі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Саід Яры. Ён падзякаваў «звяздоўцам», перакладчыкам за новы востраў Амара Хаяма ў Беларусі, расказаў пра планы далейшага кнігавыдавецкага, літаратурнага супрацоўніцтва са «Звяздой». У задумках — выданне кніг паэзіі Хафіза Шыразі, Саадзі на беларускай мове. 

На прэзентацыі сваімі развагамі пра міжнародныя літаратурныя, выдавецкія стасункі, пра ролю кнігі ў захаванні міралюбівых зносін паміж рознымі краінамі падзяліўся намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. Пра творчасць любімага іранцамі паэта гаварыў на пляцоўцы XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмаша і намеснік старшыні Дома дружбы «Беларусь — Іран» доктар Гарбаніджад Гумен Гушанг. 

Выступіў перад гасцямі, удзельнікамі выстаўкі і мастак кнігі Амара Хаяма «Выбраныя старонкі» Каміль Камал. Яго графічныя работы надалі выданню асаблівую прыгажосць. У кнізе змешчана болей 30 малюнкаў Каміля Камала. Вядомы мастак не ўпершыню звяртаецца да афармлення кніг усходняй паэзіі. Яго праца над анталогіяй «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Сто паэтаў Кітая XX стагоддзя» адзначана на конкурсе «Мастацтва кнігі». Каміль Камал аформіў і кнігі паэзіі кітайскага класіка Ай Ціна, бенгальскага, бангладэшскага мастака слова Казі Назруло Іслама. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
262