Напісанае застаецца: неўміручая трылогія Якуба Коласа

Напісанае застаецца: неўміручая трылогія Якуба Коласа

Новае выданне трылогіі «На ростанях» пабачыла свет у «Мастацкай літаратуры» ў новай серыі – «Напісанае застаецца».

Здаецца, без гэтых трох аповесцяў – «У палескай глушы», «У глыбі Палесся», «На ростанях» – нельга ўвогуле ўявіць развіццё беларускай літаратуры. Першыя дзве Якуб Колас – аўтар твораў – падпісаў яшчэ як Тарас Гушча, і выйшлі яны асобнымі кнігамі ў 1923 і 1927 гадах адпаведна.

Так пачынаўся вялікі шлях Лабановіча, настаўніка і асобы, якая вяла за сабой беларускае настаўніцтва, цешыла чытача сваім няўрымслівым характарам пранікнення ў шырокі свет грамадскага жыцця. «… Лабановіч часта адрываўся ад кнігі, пахаджаў па пакоі і думаў. Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днях і да якой ён так доўга гатаваўся, – усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра, бо так многа новага і цікавага спадзяваўся ён спаткаць на першай сваёй дарозе незалежнай грамадскай працы».

Аглядаючы, што менавіта зараз знаходзіцца на паліцах кнігарняў у Беларусі, можна пэўна сцвярджаць, што для многіх чытачоў новае выданне «На ростанях» народнага песняра Беларусі Якуба Коласа стане сапраўдным мастацкім адкрыццём. Наклад кнігі, якая з’яўляецца другой у серыі «Напісанае застаецца» (першы томік – зборнік аповесцяў Васіля Быкава) – 1500 асобнікаў. Як пасляслоўе, якім завяршаецца новае выданне коласаўскай трылогіі, – урывак з нататак Максіма Лужаніна (ён быў і рэдактарам выдання 1955 года, калі ўжо разам былі сабраныя ўсе тры аповесці, калі ўпершыню прыйшла да чытача аповесць, якая і дала назву трылогіі): «… Калі Колас ствараў апошнюю кнігу трылогіі, мне даводзілася зусім зблізку назіраць, як менавіта гэтак, няўхільна, з дня ў дзень, пакрысе, але з зайдроснай настолйівасцю ажыццяўлялася выпрацаваная ім методыка пісання. Думаецца, што і сам Канстанцін Міхайлавіч не выключаўся з творчага працэсу, як і тыя пісьменнікі-«запойшчыкі», чыіх звычак у рабоце ён знадворна не прымаў…»

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.

Опубликовано:
Просмотров:
858