Навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» пачнецца 1 верасня

Навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» пачнецца 1 верасня

Навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якая з’яўляецца неад’емнай часткай Дня беларускага пісьменства, сёлета пачнецца 1 верасня і пройдзе праз Баранавіцкі, Ганцавіцкі, Лунінецкі, Салігорскі, Уздзенскі раёны. Агульная працягласць маршруту – 780 км.

Асноўнай тэмай усіх мерапрыемстваў, запланаваных падчас экспедыцыі, стане «Дзень народнага адзінства».

Па словах кіраўніка экспедыцыі Аляксандра Лапата-Загорскага, яе дэвіз – выказванне Серафіма Раданежскага: «Адзінствам і любоўю ўратуемся» – асабліва актуальны сёлета, у Год народнага адзінства. Усталяванне згоды, узаемаразумення і ўзаемапавагі – адна з асноўных тэм выступленняў удзельнікаў на шматлікіх духоўна-асветніцкіх сустрэчах, якія праводзіліся на папярэдніх маршрутах і запланаваны ў раёнах, што будуць наведаны «Дарогай да святыняў – 2021».

Пачнецца Экспедыцыя традыцыйным малебнам аб вандроўніках у Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. У паломнікаў – нязгасная лампада з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга і цудатворная Загор'е-Сталавіцкая ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Падчас вандроўкі ўдзельнікі экспедыцыі – святары праваслаўнай царквы, вядомыя дзеячы навукі, культуры, мастацтва наведаюць бальніцы і адукацыйныя ўстановы, дзіцячыя дамы і інтэрнаты для пажылых людзей.

Добрай традыцыяй «Дарогі да святыняў» стала пасадка дрэў у месцах наведвання з сімвалічнай назвай – Сад Малітвы, які павінен стаць успамінам аб сустрэчы.

Завершыцца экспедыцыя 5 верасня у горадзе Капыль – сталіцы Дня беларускага пісьменства – святочнай службай у храме Узнясення Гасподня, перадачай Благадатнага агню на свечкi прыхаджан, сустрэчамі ўдзельнікаў экспедыцыі з жыхарамі Капыля.

Опубликовано:
Просмотров:
404