Новае выданне з серыі дзіцячых атласаў выдавецтва «Мастацкая літаратура»

Новае выданне з серыі дзіцячых атласаў выдавецтва «Мастацкая літаратура»

Вы ведалі, які самы буйны звер Беларусі, а які самы маленькі? На колькі метраў можа скочыць рысь падчас атакі і якой даўжыні рыюць норы бабры? Разам з дзіцем вы можаце пра ўсё гэта (і яшчэ шмат чаго іншага) даведацца, а заадно яшчэ больш спазнаць родную зямлю. Выдатная серыя беларускіх дзіцячых атласаў працягваецца. У ранейшых выпусках распавядалася пра выдатных людзей нашай гісторыі, пра замкі і помнікі, легенды і паданні, а таксама птушак, якія ў нас жывуць. Цяпер прыйшоў час пазнаёміцца са светам звяроў. Дзякуючы складальніцы Паліне Грынчанцы ў кнізе сабрана шмат захапляльных фактаў, і не толькі пра звяроў Беларусі. Паколькі гэта атлас, чытачу прапануецца азнаёміцца з жывёльным светам у звязцы з картамі, ад вобласці да вобласці, а таксама, дзякуючы слоўнічкам, папоўніць свае веды спецыяльнымі тэрмінамі, такімі як «інтрадуцэнт» і «лёхі». Многія чулі пра каня Пржавальскага, адкрытага падарожнікам беларускага паходжання ў далёкіх стэпах... А вось з 2007 года гэты конь родам з Кітая і Манголіі пасяліўся ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку.

«Былыя ворныя землі ў запаведніку ператварыліся ў лугі, дзе коні пасвяцца круглы год. Узімку жывёлы наведваюць закінутыя вёскі, сілкуюцца яблыкамі і грушамі здзічэлых пладовых дрэў. Ядуць таксама галінкі і парасткі маладых бярозак, хвоі, кустоў. На адпачынак уладкоўваюцца ў пустых камяніцах кароўнікаў, свінакомплексаў. Пасвяцца і робяць пераходы звычайна ўначы; удзень адпачываюць на ўзвышэнні для лепшага агляду наваколля. На час сну коні збіраюцца ў кола галовамі ўсярэдзіну, унутр змяшчаюць жарабят».

Ці не праўда, з гэтага апісання атрымалася б яскравая дэталь для мастацкага твора пра сучасную Беларусь?

На ілюстрацыях можна ўбачыць, і як начуюць кажаны, і як уладкавана бабровая хатка, а ў канцы — забавіць маленькага чытача беларускімі загадкамі, прыказкамі і прымаўкамі пра жывёл. Раім усім, у каго ў доме ёсць дзеці, збіраць поўную серыю гэтых атласаў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».


Опубликовано:
Просмотров:
842