Новы год з беларускімі тэлеканаламі
Зімовага надвор'я ў навагоднюю ноч зноў не абяцаюць, але чароўная атмасфера быць павінна. Таму замест снегу беларускія тэлеканалы навыперадкі «адсыпалі» ў святочны эфір камедый, меладрам, тэматычных канцэртаў... На чым варта спыніць увагу, пераключаючы кнопкі пульта?
Новы год на Макаёнка, 9
Галоўнай адметрасцю на «Беларусь 1» стане святочнае шоу «Новы год на Макаёнка, 9». Вядучыя вечара — вядомыя па самім шоу «Макаёнка, 9» Яўген Перлін і Андрэй Макаёнак, якія абяцаюць не толькі выступленні артыстаў, але і жарты, гульні, розыгрышы і шмат іншага.
У праграму завітаюць вядучыя і з іншых тэлеканалаў медыяхолдынга, каб павіншаваць гледачоў у кампаніі зорных гасцей. А музычныя віншаванні падораць Алег Скрыпка, Ціма Беларускіх, Дзмітрый Калдун, Nаvіbаnd, Аlеksееv, Джо Лін Цёрнер, гурты «Мая Мішэль», «Без білета» і многія іншыя.
У 23.50 па традыцыі ў эфіры ўсіх тэлеканалаў — навагодняе віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
1 студзеня да святочнага канцэрта «Новы год на Макаёнка, 9» далучацца славутыя блогеры і беларускія спартсмены, а таксама будзе арганізавана караоке з гледачамі.
Квэст і кінакласіка
«Беларусь 2» пакажа анімацыйныя фільмы, спецвыпускі праграм і камедыі. У прыватнасці, праект «Пін_код» выйдзе ў фармаце навагодняга квэсту. Таксама аўтары праграмы падрыхтавалі спецыяльныя рубрыкі, дзе раскажуць пра этыкет і лайфхакі да свята. А з першых хвілін 1 студзеня кампанію гледачам складзе капітан Джэк Варабей і ўся каманда — у пяці запар фільмах прыгодніцкай сагі «Піраты Карыбскага мора».
Святочнае меню
У эфіры «Беларусь 3» на працягу дня праграма «Беларуская кухня» пакажа гледачам цікавыя рэцэпты святочных страў: мачанка, галубцы ў чапцы, фаршыраваныя качкі і куцці. Не абыдзецца і без добрых савецкіх фільмаў, канцэртаў (напрыклад, «Новы год у класічным стылі»).
Вечарам у эфір выйдзе святочная праграма «Карагод у Новы год», дзе ў сучаснай апрацоўцы прагучаць беларускія народныя песні. Першы фільм, які ўбачыць тэлеаўдыторыя ў новым годзе, будзе кінакарціна «Чарадзеі».
На новы лад
Менавіта ў такой атмасферы прапануюць правесці час да бою курантаў на тэлеканале АНТ. Гэта будзе не звыклы для гледачоў фармат кшталту «Агеньчыка»: ролямі памяняюцца ўсе — і вядучыя, і артысты.
«У нас будзе «новы Новы год», дзе мы ўсё перавярнулі з ног на галаву, але галоўную інтрыгу раскрываць не буду, бо хочацца, каб гледачы ўсё ўбачылі самі», — дзеліцца прэс-сакратар АНТ Ірына Рамбальская.
Мы ж толькі ведаем, што тут уся беларуская эстрада апынецца па-за зоны камфорту, а тэлеаўдыторыя будзе здзіўляцца і весяліцца ад душы. Напрыклад, Анатоль Ярмоленка апынецца на аўтобусным прыпынку з ялінкай і мандарынамі, а песні Аляксандра Саладухі новым гучаннем здзівяць нават яго самога.
«Кватэрнік»
Яго падрыхтавалі на тэлеканале СТБ. Вядучыя і артысты запрашаюць на канцэртную праграму ва ўтульным інтэр'еры і душэўнай кампаніі.
У выкананні вядомых артыстаў прагучаць іх самыя папулярныя кампазіцыі і кавер-версіі на тыя песні, якія ўсе мы даўно ведаем, — і ўсё гэта ў суправаджэнні жывога кавер-бэнда. А ў перапынках зорныя госці, сярод якіх Саша Нэма, Ларыса Грыбалёва, Ганна Шаркунова, гурты «Дразды», «Лепрыконсы», Nіzkіs і многія іншыя, падзеляцца сваімі гісторыямі незвычайных прыгод у Новы год.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».