Падарожжа ў «Размаляваны свет» Наталлі Кухліч

Падарожжа ў «Размаляваны свет» Наталлі Кухліч

На базе Камянецкай рэдакцыі раённай газеты «Навіны Камянеччыны» вось ужо некалькі месяцаў праходзяць заняткі літаратурнага гуртка «Жарынка» ад Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. І на чарговы, што адбыўся 1 лютага, прыйшла – хто б вы думалі? – самая сапраўдная казачніца.

Ураджэнка Каменца Наталля Кухліч выдала ў 2019 годзе першую сваю кнігу пад назвай «Размаляваны свет». Чым не нагода завітаць з плёнам уласнай творчай работы да школьнікаў-гурткоўцаў, якія робяць свае першыя крокі ў свеце прыгожага пісьменства?

05.02.2020 1

Казачныя гісторыі Наталлі Кухліч прывіваюць сваім юным чытачам самыя неабходныя ў жыцці агульначалавечыя каштоўнасці. А героямі іх становяцца звычайныя рэчы і жывыя істоты, як у Андэрсана, – іголачка, яблык, сподачак, матылёк, лямпачка, сонца, ружа і нават гумавыя боцікі!

Падчас сустрэчы пісьменніца расказала зацікаўленым слухачам пра свой творчы шлях, работу са словам, пра тое, дзе чэрпае натхненне і як нараджаецца казка. Аказваецца, у многіх яе твораў была цікавыя перадгісторыя, а некаторыя героі маюць рэальных прататыпаў. Цікава зазірнуць у майстэрню аўтара, ці не так? Школьнікі ахвотна задавалі Наталлі Кухліч пытанні, а потым далучыліся да чытання некаторых яе казак уголас.

05.02.2020 2

Напрыканцы занятка, які пераўтварыўся ў цёплы дыялог на роўных, казачніца пацікавілася таксама і творчасцю юных наведвальнікаў гуртка. Адна з дзяўчынак прачытала ўрывачак з празаічнага твора, над якім зараз працуе, каб пачуць парады. Былі яны і слушныя, і някрыўдныя адначасова.

Сустрэча з казкай і сапраўднай казачніцай стала для маіх вучаніц карысным падарункам.

Настасся НАРЭЙКА

кіраўнік літаратурнага гуртка «Жарынка»

Источник - mediana.by.


Опубликовано:
Просмотров:
977