Паэты расійскай глыбінкі прадстаўлены ў «Літаратуры і мастацтве»
Стала традыцыяй, што ў пярэдадзень Дня беларускага пісьменства штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» штогод прадстаўляе новыя пераклады на беларускую мову паэтаў розных краін і інародаў.
Вось і сёлета, 2 верасня, у дзень, калі ў Мінску будзе працаваць яшчэ і Міжнародны круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў, «ЛіМ» друкуе вершы паэтаў Хакасіі — Маісея Баінава, Валерыя Майнанава, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Хакасія Галіны Казачынавай, Паін Саа (Аляксандра Баінава). Пераўвасобіла іх творы на мову Купалы Святлана Быкава.
Вершаваную падбору перакладаў «Зор светлых бяздонне» завяршаюць вершы маскоўскіх паэтаў Надзеі Асьмінінай і Ірыны Кавалёвай, таксама — у перакладах Святланы Быкавай.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».