Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа выдаў унікальную кнігу

Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа выдаў унікальную кнігу

Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа выдаў унікальную кнігу: пад адной вокладкай сабраны пераклады легендарнага верша лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 1913 год Рабіндраната Тагора «Мая залатая Бенгалія» на мовы народаў свету. 62 тэксты на 50 мовах — на бенгальскай і пераклады на 49 моў. На некаторыя мовы — па два і болей перакладаў. 

Кніга выйшла ў пярэдадзень ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, на якую прыедуць і госці — пісьменнікі і кнігавыдаўцы з 35 краін свету.

Верш быў напісаны на самым пачатку ХХ стагоддзя. А ў 1970-я гады, калі з'явілася на карце свету краіна Бангладэш, твор бенгальскага, індыйскага пісьменніка стаў гімнам незалежнай і суверэннай дзяржавы.

Сярод перакладчыкаў — вядомыя ў сваіх нацыянальных літаратурах: заслужаны работнік культуры Кабардзіна-Балкарыі Саліх Гуртуеў, народны пісьменнік Удмурціі Вячаслаў Ар-Сяргі, народны паэт Чувашскай Рэспублікі Валеры Тургай, башкірка Зульфія Хананава, народны паэт Татарстана, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі Рэнат Харыс, шорская паэтэса Любоў Арбачакова, марыйскі пісьменнік Генадзь Аяр-Сабанцаў... Ёсць у кнізе пераклады на такія мовы, як карэйская, кітайская, хіндзі, урду, на мовы народаў Еўропы — італьянскую, грэчаскую, польскую, сербскую, македонскую і іншыя. Ёсць пераклад нават на мову лух'я, на якой гавораць у афрыканскіх краінах Кеніі і Угандзе (па розных падліках гавораць на гэтай мове ад 5 да 10 мільёнаў чалавек). Перакладчык на лух'я — паэт Хілары Майнг.

На беларускую мову «Маю залатую Бенгалію» пераклалі Сяргей Панізнік, Надзея Салодкая, Навум Гальпяровіч, Марыя Кобец і Мікола Мятліцкі. 

Упершыню творы Рабіндраната Тагора загучалі па-беларуску яшчэ ў 1920-я гады. Адзін з першых перакладчыкаў — народны паэт Беларусі Якуб Колас. 

Кніга аднаго верша Рабіндраната Тагора выйшла якраз у пярэдадзень ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, на якую прыедуць і госці — пісьменнікі і кнігавыдаўцы з 34 краін свету.

Опубликовано:
Просмотров:
1 446
Направления: