Пісьменнік Уладзімір Ліпскі: «Маё дзяцінства прайшло ў нястачы, але я ведаў любоў бацькоў, шчырасць людзей»

Пісьменнік Уладзімір Ліпскі: «Маё дзяцінства прайшло ў нястачы, але я ведаў любоў бацькоў, шчырасць людзей»

Карэспандэнт агенцтва «Мiнск-Навiны» пагутарыла з вядомым пісьменнікам, грамадзянінам, абаронцам дзяцей і сапраўдным беларусам Уладзімірам Ліпскім напярэдадні яго юбілею.

писатель Владимир Липский

На працягу 40 гадоў ён — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», больш за 30 — узначальвае Беларускі дзіцячы фонд. Ініцыятар і старшыня журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках. Можна шмат пералічваць яго званнi, узнагароды, пасады, дасягненні. А можна сказаць так: ён — чалавек-з’ява, сімвал, цуд. Цікавы, добры, прынцыповы, мудры. І, нягледзячы на вельмі сталы пашпартны ўзрост, вельмі малады ў душы.

Мае святыя бацькі

— Уладзімір Сцяпанавіч, Вы нарадзіліся за год да пачатку вайны. Якія Вашы першыя ўспаміны аб сваім дзяцінстве?

— Вайна яго ўкрала ў мяне. Мы жылі ў маленькай вёсачцы Шоўкавічы на Гомельшчыне. Памятаю, як на кані да нас уляцеў разведчык і закрычаў: «Ратуйцеся, уцякайце, вас карнікі збіраюцца паліць». Шмат пазней ужо даведаўся, што бацька зняў тады са сцяны іконку, а з печы дастаў бульбы дзецям. Мяне, малодшага, мама ўзяла за плечы, астатнія пяцёра ўхапіліся за яе падол, і ўсе пабеглі ў лес. Жылі ў зямлянках. Калі я там захварэў, мама вымазала мяне нейкай маззю, і я цудам паправіўся. Засталося ў памяці, як бяжым па жыце, мама мяне прыціснула да сябе, а над намі раве самалёт. Нядаўна знайшоў дакумент: камандзір партызанскага атрада напісаў на паперцы: «Не забірайце карову Сцяпана Ліпскага». Можа, гэтая кароўка і выратавала нас усіх?.. Вясной мы вярнуліся ў Шоўкавічы на папялішча. А Дзень Перамогі запомніўся мне тым, што ў вёску прывезлі гуманітарную дапамогу, у кожную хату прынеслі пачку пячэння, чорную фасоль, кансервы. Я быў уражаны, што ёсць такая ежа.

— Чаму, на Ваш погляд, адны людзі, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні, вырастаюць вельмі годнымі, добразычлівымі, а іншыя азлабляюцца?

— Скажу па сабе. Маё дзяцінства прайшло ў нястачы, але я знаў любоў бацькоў, шчырасць людзей, прыгажосць прыроды, асалоду чытання і ведаў. Мяне радавалі і кот вясной, і курыцы, і певень, і каровы, якіх пасвіў. Маё пакаленне выхоўвалася ў працы, гэта нас фарміравала здаровымі і добрымі.

— Вы напісалі некалькі твораў, прысвечаных сваёй сям’і, радаводу, бацькам. Чаму для вас гэтая тэма такая важная?

— Хто мы без сваіх каранёў, без памяці аб продках? Слупы тэлефонныя! Доўгі час думаў, што я хлопец з балотнай вёскі. Калі зацікавіўся сваім радаводам, даведаўся: Ліпскія — дваранскага паходжання, маем свой герб. Упэўнены, што па генах, па радаводу перадаецца ўсё лепшае, што было ў мінулых пакаленнях: сумленнасць, сціпласць, працавітасць, шчырасць. І дзецям усім пастаянна кажу: «Палюбіце тых, хто даў вам жыццё. Запомніце маміны і бацькавы словы і парады». Бацькоў лічу святымі людзьмі. Па сённяшні дзень не магу зразумець, якім цудам мама нас усіх шасцярых уратавала, чым карміла, як сагравала ў цяжкія і галодныя гады. Бацькі вучылі быць чалавекам: нікога не крыўдзіць, не падманваць, не браць чужога, шанаваць і людзей, і птушак, і дрэвы. Ніколі не забуду: калі мяне ўсёй вёскай праводзілі ў Мінск на вучобу, мама, развітваючыся, папрасіла: «Сынок, не згубіся там!» Нават калі мы с братамі і сёстрамі былі дарослыя, бацькі вялі нас па жыцці, і мы перад імі сваімі ўчынкамі, паводзінамі быццам трымалі справаздачу.

З сынам Iгарам i дачкой Марынай

Наталіцца дзяцінствам

— Вы 41 год кіруеце «Вясёлкай». Верыце ў тое, што ў XXI стагоддзі сучасным дзецям патрэбныя такія традыцыйныя часопісы, як ваш?

— Такія выданні, як «Вясёлка», будуць патрэбныя заўсёды: яны займаюцца фарміраваннем асобы. Мы робім свой часопіс на мастацкім матэрыяле, мэтанакіравана, прытрымліваючыся нацыянальных прынцыпаў і традыцый выхавання, імкнемся далучыць дзяцей да мовы і культуры, навучыць любіць зямлю і паважаць старэйшых. Матэрыялы нашага праекта «Я тут жыву» ўвайшлі ў школьную праграму, на падставе iх выходзіць ужо другая кніжка. Сёння наш тыраж — 6 тысяч. Хачу, каб «Вясёлка» прыйшла ў кожную беларускую сям’ю, дзе ёсць дзеці. Даўно адчуваю сябе дзяржаўным чалавекам, адказным за зямлю, на якой жыву, за людзей, якія побач, і за заўтрашні дзень краіны.

— Што Вам дала дзейнасць у Беларускім дзіцячым фондзе? Чым са зробленага там за 30 гадоў вы найбольш ганарыцеся?

— Дзякуючы фонду мы стварылі 40 дзіцячых сямейных дамоў, і на некалькі інтэрнатаў у Беларусі стала менш. А наша акцыя «Я бачу», калі мы з брыгадамі медыкаў аб’ехалі ўсю Беларусь, абследавалі 50 тысяч дзяцей, клапоцячыся аб тым, каб іх вочкі былі здаровымі, — ці гэта не добрая справа? Дапамагаем і тым, хто пакутуе пасля Чарнобыля, і юным талентам, і многім іншым. Калі б не дзейнасць фонду, напэўна, шмат сваіх кніжак не напісаў бы і столькі б крэснікаў — былых дзетдомаўцаў і сірат — не меў. Выціраць слёзы дзецям — у гэтым бачу свой абавязак.

— Чаму Вас так цягне да гэтай аўдыторыі? Чаму хочацца тварыць для юных чытачоў?

— Я быццам даганяю сваё дзяцінства, хачу наталіцца ім. Шчыра люблю дзяцей. Веру ў іх. Яны лепшыя за дарослых: больш шчырыя, адкрытыя. Расказваў неяк пра вайну ў адной аудыторыі. І калі ўжо, развітваючыся, падпісваў кнігі, да мяне падышоў хлопчык, палажыў руку на плячо і сказаў: «Як жа добра, што мама вас выратавала!» Божа ж ты мой, дзеля такіх слоў трэба жыць і пісаць! Задача ўсіх дарослых — цярпліва і няспешна выхоўваць нашчадкаў, радавацца з імі, натхняць, падтрымліваць. Мы, дарослыя, ва многім перад імі вінаваты. Часта мы гаворым ці пішам адно, а ў жыцці паводзім сябе зусім па-іншаму, не трымаемся сваіх прынцыпаў. На жаль, дзеці бачаць гэтыя ўрокі хлусні і крывадушша.

Вам у адносінах з нашчадкамі вядома праблема бацькоў і дзяцей? Як уплывалі на іх выбар жыццёвага шляху?

— Сябраваў з дзецьмі, сябрую і з унукамі. Свой шлях у жыцці яны шукалі і знайшлі самі. Сын Ігар — архітэктар, Марына — біёлаг. Старэйшы ўнук, Антон, працуе ў камітэце па навуцы НАН Беларусі. Сярэдняя, Маша, юрыст. Малодшы, Толік, заканчвае 8-ы клас. Аповесць «Сонца над галавой» — гэта мае лісты да яго…

Пакуль смяемся — жывем

— У гэтым годзе споўніцца 25 гадоў Усебеларускаму фестывалю народнага гумару ў вёсцы Аўцюкі, ініцыятарам якого Вы з’яўляецеся. Чым, на Ваш погляд, наш нацыянальны гумар адрозніваецца ад іншых? Чаму так важна яго не губляць?

— Наш гумар, можа, трохі грубаваты, бо ён — ад зямлі, ад вытокаў. Але ён нязлы, сакавіты, каларытны, дасціпны! Ідзем па вуліцы ў Аўцюках і раптам бачым на варотах самаробны плакат: «Жонка добрая, але моцна б’ецца». У аднаго арцюкоўца папрасіў: «Дай веласіпед праехаць». «На. Ты ж толькі глядзі — тармазоў няма». Ці неяк пачуў: «Во, наша Манька раней была дзеўка — на ўсё сяло, а цяпер — на ўсю печ». Адна фраза, а за ёй цэлая жаночая біяграфія. Гумар — гэта доказ нацыянальнага здароўя, дабрыні, мудрасці. Пакуль людзі смяюцца, яны жывуць. «Ты можаш мяне не слухаць, але брахаць не перашкаджай». Ці ж гэта не цуд? Трэба, трэба цаніць свае традыцыі і скарбы. Ёсць ужо ў Аўцюках маёнтак Каласка і Калінкі, незвычайная лаўка прымірэння; ствараем музей гумару. У гэтым годзе на 9-ы фестываль прыязджалі з Габрава, Польшчы, Украіны, Літвы і былі ў поўным захапленні ад таго, якое свята адбылося. Веру, што будуць і спектаклі, і фільмы, і кнігі на падставе нацыянальнага гумару.

— Чытала, што на першым фестывалі Вам падарылі каня… Які ў яго лёс?

— Так, было такое. Ледзь не заплакаў, калі мяне як арганізатара свята ўзнагародзілі вараным канём. Першая думка была — сяду на яго і паеду ў родныя Шоўкавічы. Але потым вырашыў перадаць яго вучням вялікааўцюкоўскай школы, каб яны аб’ездзілі яго і дапамагалі старым: каму бульбу ўзараць, каму дровы ці торф прывезці. Конь Ліпскі (так яго назвалі) верна і доўга служыў.

З унукам Анатолем

Добра ў старасці быць маладым

— Ці праўда, што Вы рэгулярна плаваеце ў басейне?

— Так. Амаль кожны дзень. Сорамна ледзь-ледзь ногі перастаўляць, хачу паважаць сябе. Хачу хадзіць і пазіраць у неба, а не ў зямлю.

— Аб чым часцей за ўсё думаеце напярэдадні юбілею?

— З пачатку года вяду юбілейны дзённік «Усякі дзень — апошні». Эпіграфам узяў словы Янкi Брыля «Добра ў старасці быць маладым». Нядаўна перачытаў дзённікі Льва Талстога. У 80-гадовым узросце ён піша, што толькі пачынае жыць і разумець, што «жыццё вымяраецца не часам, не гадамі, а чалавечнасцю». Самае галоўнае правіла, якое для сябе ўсвядоміў: кожны дзень — гэта наша жыццё, трэба шанаваць кожнае яго імгненне. Мы часта вельмі бяспечныя, адкладваем справы на потым, думаем, што яшчэ ўсё паспеем. А можам і не паспець. Апошнія гады, як толькі прачынаюся, падыходжу да акна, стаю і нібы прывітаюся з новым днём. І не важна, якое надвор’е, радуюся ўсяму і прашу Бога толькі аб адным: «Дай мне яшчэ хаця б адзін дзянёк!» І ведаеце, калі раптам здарыцца, што нараджуся ў нейкім новым стагоддзі, а мо на іншай планеце, то хацеў бы і ў тым вымярэнні застацца Чалавекам.

Даведка:

Уладзімір Ліпскі — беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, літаратурнай прэміі імя В.Віткі, міжнароднай прэміі А. Швейцэра, прэміі імя А.Грына. Ганаровы грамадзянін Калінкавічскага раёна і г. д.

Аўтар аповесцяў «Адпяванне жывых», «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод», «Жыві сёння», дзённіка «Бацькі і дзеці», кніг «Мама. Малітва сына», «Бацька. Пісьмы сына», рамана «Цар», а таксама твораў для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды», «Марынчына казка», «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска», «Пралескі ў небе», «Я тут жыву: дзецям пра Беларусь», «Закаханы трэцякласнік» і іншых твораў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах агенцтва "Мінск-Навіны".

Опубликовано:
Просмотров:
1 314
Источник: