Пісьменнікі з больш чым 10 краін свету сабраліся ў Гродне за круглым сталом

Пісьменнікі з больш чым 10 краін свету сабраліся ў Гродне за круглым сталом

Літаратуры з розных краін упершыню сустрэліся за круглым сталом у межах Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. З іх удзелам у Гродне адбыліся адразу некалькі мерапрыемстваў: семінар “Мастацкі тэкст у арыгінале і перакладзе”, круглы стол “Дыялог літаратур – дыялог культур”.

Арганізатарамі мерапрыемстваў выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы, абласная навуковая бібліятэка імя Яўхіма Карскага, дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Саюз пісьменнікаў Беларусі, выдавецкі дом “Звязда”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Літаратурныя сустрэчы аб’ядналі пісьменнікаў з Беларусі, Казахстана, Літвы, Азербайджана, Польшы, Малдовы, Францыі, Латвіі, Расіі і іншых краін. У мерапрыемствах прынялi удзел Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч i намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.
Мерапрыемствы ў Гродне, якія аб’ядналі літаратараў з розных краін, выраслі не на пустой глебе. Пачынаючы з 2007 года, Міністэрства інфармацыі Беларусі і выдавецкі дом “Звязда” праводзяць міжнародныя круглыя сталы пад агульнай ідэяй “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. Адбываліся яны і ў межах Дзён беларускага пісьменства, у тым ліку на Гродзеншчыне. Пачынаючы з 2015 года, ў Мінску праводзіцца міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”, які таксама збірае прадстаўнікоў розных краін і розных нацыянальных літаратур.

Падчас семінара літаратары і выдаўцы дзяліліся здабыткамі ў галіне літаратурных стасункаў. З самых цікавых праектаў, рэалізаваных апошнім часам, называлі ў тым ліку выданне верша Янкі Купалы “А хто там ідзе” на беларускай мове і ў перакладзе на сто моў свету. Пабачылі свет вершы нашага паэта і на славацкай мове асобным выданнем. Зараз ідзе праца па перакладзе іх на карэйскую мову. А па-беларуску загучаць творы карэйскіх аўтараў. У свой час пабачыла свет выданне санетаў Янкі Купалы на сямі мовах свету. Гэты праект мяркуецца ўзнавіць, і колькасць перакладаў значна ўзрасце.

Што датычыць фестывалю, Міністр інфармацыі выказаў надзею, што літаратурныя імпрэзы на ім стануць традыцыйнымі. І, магчыма, у новым фармаце. Да прыкладу, пісьменнікі з розных краін будуць чытаць вершы гарадзенскіх паэтаў альбо класіку беларускай паэзіі на мовах свету. Прынамсі, гэта магло б стаць яшчэ адным яркім эпізодам шматнацыянальнага свята і яшчэ адным крокам да збліжэння і знаёмства з культурай іншых народаў.

(газета «Гродзенская праўда»)
Опубликовано:
Просмотров:
493