Прэс-канферэнцыя, прысвечаная 95-годдзю часопіса “Бярозка”

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная 95-годдзю часопіса “Бярозка”

12 снежня ў прэс-цэнтры Дома прэсы прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная 95-годдзю часопіса “Бярозка” – адзінага беларускамоўнага выдання для падлеткаў – на тэму “Прэса для падлеткаў XXI стагоддзя: як заставацца актуальнымі”.

У прэс-мерапрыемстве ўдзельнічалі:

Андрэй Чэрнікаў – кансультант інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь;

Кацярына Каплун – галоўны рэдактар часопіса “Бярозка”;

Святлана Воцінава – галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”;

Мікола Чарняўскі – пісьменнік, супрацоўнік часопіса “Бярозка” ў 1966 – 1988 гг.;

Маргарыта Латышкевіч – пісьменніца, пастаянная аўтарка часопіса “Бярозка”.

Андрэй Чэрнікаў зачытаў прывітальны адрас Міністэрства інфармацыі, у якім адзначаецца, што на працягу дзесяцігоддзяў часопіс выхоўваў у маладога пакалення павагу да культуры і гісторыі краіны, вучыў паважаць і любіць родную мову, нацыянальныя каштоўнасці, сваю Айчыну. Таксама прадстаўнік Міністэрства інфармацыі ўручыў падзяку Міністэрства інфармацыі за добрасумленную плённую працу калектыву рэдакцыі, а таксама былым супрацоўнікам Міколу Чарняўскаму і Васілю Зуёнку.

Галоўны рэдактар Кацярына Каплун звярнула ўвагу, што сёння часопіс працягвае шматгадовую традыцыю – яго, як і раней, ствараюць падлеткі для падлеткаў. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, у часопісе ўвесь час ствараюцца новыя рубрыкі і праекты, праводзяцца конкурсы, якія заўсёды знаходзяць водгук у чытачоў.

Святлана Воцінава распавяла, што з 2012 па 2014 год часопіс выходзіў пад адной вокладкай з часопісам “Маладосць”, і за 5 гадоў пасля аднаўлення праз яго прайшлі многія аўтары, якія сёння працуюць і друкуюцца ў “Маладосці”.

Мікола Чарняўскі ўзгадаў вядомых пісьменнікаў і журналістаў, якія калісьці пачыналі свой шлях з “Бярозкі”. Гэта Аляксандр Карлюкевіч, Алесь Бадак, Уладзімір Мазго, Уладзімір Ягоўдзік і іншыя. Таксама літаратар падарыў архіўны нумар, прысвечаны 60-му юбілею часопіса.

Маргарыта Латышкевіч, якая пастаянна супрацоўнічае з выданнем, расказала пра свой вопыт супрацоўніцтва з часопісам і прачытала верш, прысвечаны яго юбілею.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах РУП «ДОМ ПРЭСЫ».

Опубликовано:
Просмотров:
620