Прэзентацыя на філалагічным факультэце БДУ

На філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася прэзентацыя кнігі Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету», што выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі».

Адкрываючы прэзентацыю, дэкан філалагічнага факультэта І.С.Роўда адзначыў, што сустрэча факультэта і выдавецтва вельмі важная, паколькі адкрывае шляхі далейшага шматбаковага супрацоўніцтва.

Прафесар, доктар філалагічных навук, адзін з укладальнікаў кнігі, аўтар уступнага артыкула В.П.Рагойша паведаміў аб гісторыі стварэння кнігі, адзначыўшы, што ўдзельнікамі гэтага без перабольшвання глабальнага праекта сталі лепшыя перакладчыкі свету, сярод якіх Расул Гамзатаў, Вера Рыч, Найдан Вылчаў, Антанас Венцлава, Максім Горкі, Мар’ян Серватка, Дзмітро Паўлычка і многія іншыя.

Дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі»  У.У.Андрыевіч падчас прэзентацыі адзначыў, што стваральнікі кнігі хацелі не толькі паказаць унікальны верш класіка беларускай літаратуры, раскрыць яго актуальнасць, але і праз творчасць беларускіх мастакоў паказаць асобу Янкі Купалы, яго адносіны да людзей і жыцця.

Выдадзеная па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі кніга ўжо заняла сваё дастойнае месца ў залатым фондзе айчыннай літаратуры.


Опубликовано:
Просмотров:
25
Поделиться в соц.сетях